Папа: Евангелле – гэта прароцтва, якое парушае людскія разлікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Касцёл у сваёй тэалагічнай і літургічнай традыцыі заўсёды звяртаў свой позірк да ўсхода”, таму што адтуль прыйшло тое святло, якім з’яўляецца Езус, тая “маланка, пасланая Айцом у цёмныя ночы чалавецтва”. Евангелле, суцяшаючы і ўздымаючы нас, у той жа час з'яўляецца прароцтвам, якое “працягвае парушаць логіку чалавечай улады, мірскія разлікі, зброю самаўпраўнасці, логіку падзелу і двухсэнсоўнасці”. Езус працягвае быць тым, хто парушае ілжывы свет людзей, поўных крывадушнасці і беззаконня, - напісаў у сваёй прадмове Святы Айцец
Францішак зазначыў, што ён “рады прадставіць кнігу, якая заклікана даць голас усходняму Касцёлу праз апавяданні, гісторыі, разважанні кардынала Лазаруса Ю Хын Сіка, з якім ён пазнаёміўся ў 2014 годзе на Днях азіяцкай моладзі і якога паклікаў узначаліць Дыкастэрыю пра справах духавенства. На думку Папы, кніга дазваляе “убачыць шлях да таго, каб застацца Касцёлам, верным Езусу і Яго Евангеллю, далёка ад усялякай свецкасці”.
Кніга напісана ў форме размовы, у якой пераплятаюцца аўтабіяграфічныя элементы і духоўныя і пастырскія разважанні кардынала Лазаруса Ю Хын Сіка. Яна змяшчае партрэт веры, спароджанай старанным кантактам з Евангеллем, партрэт маладога і прадпрымальнага Касцёла, у якім свецкія вернікі клапоцяцца пра тых, хто ў бядзе, а таксама партрэт святарскага служэння, якому неабходна адрадзіцца ў святле Евангелля, вызваліцца ад клерыкалізму і пераасэнсаваць сябе побач і разам з братамі-свецкімі, - гаворыцца ў прадмове Францішка.
“Нам трэба дэцэнтралізавацца, адправіцца ў падарожжа на ўсход і прайсці навучанне ў школе духоўнага і касцёльнага ладу жыцця, які можа ажывіць нашу веру”, - напісаў Пантыфік, заклікаючы чытачоў “памятаць, што нават у пакутах і цемры, як маланка прыходзіць Пан, які хоча асвятліць наша жыццё”.