Папа: хрысціяне і мусульмане павінны быць сведкамі ісціны
Марыя Валодзіна - Vatican News
У лісце Францішка, апублікаваным 14 сакавіка 2023 года Залай Друку Апостальскай Сталіцы, гаворыцца, што задача рэлігійных лідараў – “заахвочваць тых, хто займае адказныя грамадскія пасады, дзейнічаць на карысць сцвярджэння культуры, заснаванай на справядлівасці і міры, спрыяючы палітычным дзеянням, якія будуць абараняць фундаментальныя правы кожнага”. Папа ўзгадаў сваё Апостальскае падарожжа ў Ірак у сакавіку 2021 года як “паваротны момант на шляху міжрэлігійнага дыялогу і ўзаемаразумення паміж народамі”.
Пантыфік падкрэсліў, што “супрацоўніцтва і сяброўства паміж вернікамі розных рэлігій з’яўляюцца неабходнай умовай для таго, каб развіваць не толькі ўзаемную павагу, але перш за ўсё тую згоду, якая ідзе на карысць чалавецтва".
Святы Айцец выказаў перакананне ў тым, што супольнасці вернікаў могуць і павінны быць “прывілеяваным месцам камуніі і сімвалам мірнага суіснавання, у якім звяртаюцца да Творцы ўсіх дзеля будучага адзінства на зямлі”. “Павага да годнасці і правоў кожнага чалавека і кожнай супольнасці, у прыватнасці, да рэлігійнай свабоды, свабоды думкі і выказвання – гэта крыніца асабістага і грамадскага спакою і гармоніі паміж народамі", - напісаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў неабходнасць таго, каб чалавецтва “нанова адкрыла сэнс братэрства і ўзаемнага прыняцця” як канкрэтны адказ на выклікі сучаснасці. Спасылаючыся на дакумент аб агульначалавечым братэрстве, Францішак адзначыў, што людзі павінны сустракацца “на велізарнай прасторы агульных духоўных, чалавечых і грамадскіх каштоўнасцяў”.
"Спадзяемся, што мы, хрысціяне і мусульмане, разам зможам стаць “сведкамі ісціны, любові і надзеі ў пазначаным шматлікімі канфліктамі свеце, які мае патрэбу ў міласэрнасці і аздараўленні”, - завяршыў Папа свой ліст да Вярхоўнага аяталы Саіда Алі Эль-Хусаймі Аль-Сістані.