Пошук

Біскуп Дэвід О'Конэл Біскуп Дэвід О'Конэл  (© Angelus News)

Папа пасля забойства біскупа ў ЗША: перамагаць зло дабром

Папа з глыбокім смуткам даведаўся пра заўчасную і трагічную смерць дапаможнага біскупа Лос-Анджэлеса Дэвіда О’Конэла. Ён моліцца аб вечным супакоі для іерарха.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак “выказвае шчырыя спачуванні і запэўнівае ў духоўнай блізкасці святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў Лос-Анджэлескай архідыяцэзіі”, - гаворыцца ў папскім пасланні за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна. Яно было зачытана падчас развітання з біскупам О’Конэлам у касцёле святога Яна Марыі Віянэя ў раёне Гасіенда-Хайтс у Лос-Анджэлесе, дзе пастыр служыў у якасці біскупскага вікарыя.

Папа высока азначыў святарскае і біскупскае служэнне іерарха, падкрэсліваючы, што яно было “асабліва пазначана яго глыбокай заклапочанасцю беднымі, мігрантамі і тымі, хто жыве ў нястачы, намаганнямі па абароне святасці і годнасці Божага дару жыцця і руплівасцю аб салідарнасці, супрацоўніцтве і міры ў мясцовай супольнасці”.

Францішак памаліўся таксама, каб усе, хто ўшаноўвае памяць біскупа О’Конэла, “былі ўмацаваны ў рашучасці адмовіцца ад шляхоў насілля і перамагаць зло дабром”. “Тым, хто сабраўся на пахавальнай Імшы і ўсім, хто смуткуе па прычыне смерці біскупа О’Конэла ў цвёрдай надзеі на ўваскрасенне Святы Айцец сардэчна ўдзяляе сваё благаслаўленне як залог супакою і суцяшэння ў Пану”, - гаворыцца ў пасланні.

Біскуп Дэвід О’Конэл быў застрэлены ў сваім доме 18 лютага 2023 года. Іерарху было 69 гадоў.
 

02 сакавіка 2023, 11:42