Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з біскупамі і семінарыстамі з Калабрыі Папа падчас аўдыенцыі з біскупамі і семінарыстамі з Калабрыі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: патрэбныя адкрытыя вочы і сэрцы, каб улавіць прыкметы часу

Не дазваляць настальгіі паралізаваць сябе і не быць палоннымі правінцыялізму заклікаў Францішак біскупаў італьянскага рэгіёна Калабрыя.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Звяртаючыся 27 сакавіка 2023 года да біскупаў, рэктараў, выкладчыкаў і семінарыстаў з Калабрыі, Святы Айцец адзначыў, што нягледзячы на “старыя і новыя раны” рэгіёну, пра якія перыядычна пішуць у хроніцы, яму “падабаецца думаць пра іх як пра дзяцей старажытнай грэцкай цывілізацыі, якія да гэтага часу захоўваюць культурныя і духоўныя скарбы, што аб'ядноўваюць Усход і Захад”. Папа нагадаў пра гамераўскага Адысея, які з берагоў гэтай зямлі любаваўся прыгажосцю двух мораў: Тырэнскага і Іанічнага. Калабрыя багата сваёй духоўнасцю: “храмамі, святымі і пустэльнікамі, а таксама прысутнасцю грэка-візантыйскай супольнасці”, - нагадаў Пантыфік. Тым не менш, гэта рэлігійная спадчына рызыкавала б застацца ў мінулым, не будзь сёння новай агульнай прыхільнасці да евангелізацыі і навучання святароў, - адзначыў ён.

З тым жа евангельскім пытаннем “Чаго шукаеце?” (Ян 1, 38), з якім Езус звярнуўся да вучняў, звярнуўся і Папа да сваіх гасцей, семінарыстаў: “Чаго шукаеце? Якое жаданне заахвоціла вас пайсці насустрач Пану і следаваць за Ім па шляху святарства? Чаго вы шукаеце ў семінарыі? Чаго шукаеце ў святарстве?” На думку Францішка, неабходна пытацца пра гэта, таму што часам здараецца, што за праявамі рэлігійнасці і нават любові да Касцёла мы, на самай справе, хаваем “пошукі чалавечай славы і асабістага дабрабыту” (Evangelii gaudium, 93). Магчыма, мы шукаем прытулак або прэстыжную ролю замест таго, каб быць спагадлівымі міласэрным пастарам, як Хрыстос. Вучоба ў семінарыі – гэта час, калі мы скідаем маскі і гаворым праўду самім сабе, - нагадаў Пантыфік.

З тым жа пытаннем, “Чаго шукаеце?”, Папа звярнуўся і да біскупаў: “Чаго вы жадаеце для будучыні вашай зямлі, аб якім Касцёле марыце? Які святар патрэбны вашаму народу?” Наступілі такія часы, якія патрабуюць “разважанняў аб постаці і служэнні святара”. Больш нельга прадстаўляць яго “як самотнага пастыра, замкнёнага ў парафіяльнай агароджы”. Неабходна аб'ядноўваць намаганні, ідэі, сэрцы, каб вырашаць такія пастырскія праблемы, як евангелізацыя моладзі, шляхі хрысціянскага навяртання, дабрачыннасць, прасоўванне культуры законнасці.

Для гэтага трэба рыхтаваць такіх святароў, якія маглі б “развіваць агульнае бачанне тэрыторыі і мець агульную чалавечую, духоўную і тэалагічную адукацыю”, - заўважыў Папа, звяртаючыся да гасцей з просьбай: зрабіць выбар на карысць адной семінарыі і накіраваць на яе ўсе чалавечыя, духоўныя і тэалагічныя намаганні, каб “не рассейваць сілы на невялікія навучальныя ўстановы з некалькімі семінарыстамі”.

Падобны працэс пачынае ісці ў многіх кутках свету, і цалкам натуральна, што ён сутыкаецца з супрацівам і цяжкасцямі. Аднак, на думку Папы, прыхільнасць да гісторыі і традыцыі “не павінна перашкаджаць навізне Святога Духа пракладваць шлях”, па якім трэба ісці Касцёлу. “Патрэбныя адкрытыя вочы і ўважлівае сэрца, каб улавіць прыкметы часу”, - дадаў ён.

Звяртаючыся да біскупаў, якія мараць пра дабро рэгіёну і клапоцяцца аб падрыхтоўцы будучых святароў, Папа заклікаў іх “не дазваляць настальгіі паралізаваць сябе і не заставацца ў палоне правінцыялізму”.

У канцы прамовы Святы Айцец нагадаў пра гадавіну апекуна Калабрыі святога Францішка з Паолы, які нарадзіўся 27 сакавіка 1416 года. Святы заклікаў сваіх братоў “любіць адзін аднаго і дзейнічаць у міласэрнасці”. “Менавіта гэтага чакае ад вас Калабрыя: міласэрнасці, адзінства і братэрства”, - падкрэсліў Папа, благаслаўляючы біскупаў і семінарыстаў.

27 сакавіка 2023, 13:19