Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік: права на ваду – гэта права на жыццё, будучыню і надзею

Стаць плынню ракі надзеі, якая дазволіць дасягнуць канкрэтнасці ў пагадненнях, - пажадаў Папа арганізатарам мерапрыемства “Вада і надзея”.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак даслаў ліст, у якім выказаў сваю блізкасць, падтрымку і павагу арганізатарам мерапрыемства “Вада і надзея” у рамках ІІ Канферэнцыі ААН па водных рэсурсах, якая праходзіць у Нью-Ёрку 22-24 сакавіка 2023 года.

У сваім пасланні Папа заўважыў, што гэтая сустрэча, разам з пленарнымі пасяджэннямі, тэматычнымі дыялогамі і шматлікімі іншымі запланаванымі мерапрыемствамі, “павінна стаць плынню ракі надзеі, якая дазволіць дасягнуць канкрэтнасці ў пагадненнях перад абліччам надзённых праблем планеты".

"Усе мы павінны аб'яднаць намаганні, далучаючы міжнародную супольнасць да сумеснай працы і стварэння кансэнсусу, каб дасягнуць цэласнага развіцця чалавецтва. Я спадзяюся, што Канферэнцыя па водных рэсурсах стане той воссю, якая злучае неабходныя свету рашэнні, каб, гарантуючы поўны доступ да водных рэсурсаў і іх аднаўленне, мы забяспечылі ўсеагульнае выкананне права на ваду, якое ёсць не што іншае, як права на жыццё, будучыню і надзею. Дзякуй за гэтую сустрэчу, за прыхільнасць, барацьбу і пагадненні. Мы не павінны баяцца дыскусій, яны дазваляюць нам расці, дзеля саміх сабе і будучых пакаленняў”, - падкрэсліў Францішак.

Ініцыятарамі мерапрыемства “Вада і надзея” выступіў шэраг арганізацый, сярод якіх Фонд медыцынскіх работнікаў для навучання і развіцця (FUTRASAFODE), Касцёльнай канферэнцыі рэгіёна Амазонкі (CEAMA), Асацыяцыя аховы здароўя і экалагічнай інжынерыі (AIDIS), Асацыяцыя езуіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі (AUSJAL), Універсітэцкая праграма Амазонкі (PUAM) і іншыя.

Арганізатары сустрэчы і дакладчыкі прапануюць стварыць такую прастору для дыялогу, у якой галіновы і тэрытарыяльны досвед узбагаціцца досведам акадэмічнай, палітычнай, рэлігійнай і грамадскай дзейнасці. Мэта сустрэчы – прапанаваць рашэнні і стварыць умовы для распрацоўкі стратэгій, якія дазволяць справіцца з будучымі сцэнарамі. Асноўныя тэмы мерапрыемства: вада і развіццё, вада і змена клімату, роля дзяржавы ў абароне права чалавека на ваду, карэнныя народы і права чалавека на ваду.

Паводле ААН, каля двух мільярдаў чалавек не маюць доступу да бяспечнай пітной вады. Недахоп вады становіцца эндэмічным, у той час як цягам апошніх 40 гадоў тэмпы спажывання вады ў свеце павялічваліся штогод прыкладна на 1% і будуць працягваць расці да 2050 года.

 

23 сакавіка 2023, 18:36