Пошук

Аўдыенцыя для арганізатараў экуменічнага сінадальнага чування Аўдыенцыя для арганізатараў экуменічнага сінадальнага чування  (Vatican Media)

Папа прыняў арганізатараў экуменічнага сінадальнага чування

Падрыхтоўка да Экуменічнага малітоўнага чування і ініцыятывы Together (Разам) атрымала новы імпульс – яго арганізатараў прыняў на прыватнай аўдыенцыі Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа сустрэўся з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій 15 сакавіка 2023 года. У аўдыенцыі бралі ўдзел каля сямідзесяці чалавек: яны прымалі ўдзел у ватыканскай чатырохдзённай сустрэчы, звязанай з падрыхтоўкай да сінадальнага экуменічнага чування, якое пройдзе на плошчы святога Пятра 30 верасня, у вігілію адкрыцця XVI Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Малітоўная ініцыятыва, якую ўзначаліць сам Францішак, з’яўляецца часткай сумеснага экуменічнага праекта Супольнасці Тэзэ, Рымскай дыяцэзіі, Генеральнага сакратарыята Сінода, Дыкастэрый спрыяння хрысціянскаму адзінству і па справах свецкіх, сям’і і жыцця, а таксама шматлікіх хрысціянскіх Цэркваў і касцёльных і экуменічных аб’яднанняў.

Аўдыенцыя паслужыла таму, каб абнавіць энтузіязм і яшчэ раз пацвердзіць, што тэалагічныя адметнасці паміж хрысціянамі не перашкаджаюць маліцца разам, прызналіся ўдзельнікі сустрэчы з Папам. Пантыфік падзяліўся з імі сваім экуменічным досведам, а таксама заўважыў, што з часоў, якія папярэднічалі Другому Ватыканскаму Сабору, і былі пазначаны атмасферай адмежаванасці і падазронасці ў адносінах да прадстаўнікоў іншых Цэркваў, быў пройдзены вялікі шлях.

“Папа сказаў нам не баяцца: нават калі Святы Дух часам стварае крыху беспарадку, потым прыходзіць гармонія. Сінод – гэта не парламент, але гармонія, што паходзіць ад Святога Духа. ”, - падзяліўся ў інтэрв’ю Vatican News прыёр Супольнасці Тэзэ, брат Алаіз, дадаючы: “Вельмі мужна, што Папа распачаў гэты шлях адкрытасці на Святога Духа. Мы ў Тэзэ вельмі ўдзячныя за гэта”.

Законнік заўважыў, што чатыры дні, якія арганізатары малітоўнай ініцыятывы правялі ў Рыме, дазволілі ім адчуць тое, што плануецца “перажыць 30 верасня на плошчы святога Пятра, калі хрысціяне ўсіх Цэркваў будуць разам святкаваць адзінства, якое паходзіць ад Хрыста”.

Арганізатары чування мелі магчымасць пазнаёміцца з падрыхтоўкай Касцёла да Сінода Біскупа, даведацца пра дзейнасць езуітаў і пра экуменічныя аспекты працы з мігрантамі, адведаць структуры розных хрысціянскіх супольнасцей – метадысцкіх, англіканскіх, вальдэнскіх, пацвярджаючы сваім прыкладам, што экуменізму трэба вычыцца, практыкуючы яго, і што экуменізма не бывае без сяброўства.
 

16 сакавіка 2023, 09:20