Пошук

Папа падчас сустрэчы з супрацоўніцамі газеты "Жанчыны, Касцёл, свет" Папа падчас сустрэчы з супрацоўніцамі газеты "Жанчыны, Касцёл, свет"  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: жанчыны валодаюць мовамі розума, сэрца і рук

4 сакавіка 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы супрацоўніц рэдакцыі італьянскага штомесячніка “Жанчыны, Касцёл, свет” (Donne Chiesa Mondo). Нагодай для сустрэчы стала дзясятая гадавіна выдання.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да Святога Айца, рэдактар газеты Рыта Пінчы адзначыла: "У нас выдатная група, і мы працуем з вялікай цікавасцю, запалам і нават весялосцю. Наш калектыў міжкультурны і міжрэлігійны. Сярод нас ёсць вернікі, няверуючыя, жанчыны розных веравызнанняў, канфесій, маці і бяздзетныя жанчыны, выкладчыцы, служачыя, журналісткі, пісьменніцы. І ў гэтым перавага нашай газеты”.

Францішак падзякаваў рэдакцыі за працу, адзначыўшы, што ён з задавальненнем чытае штомесячнік: "Я чытаю вашу газету, таму што яна мне падабаецца. Падабаецца выклік, які закладзены ў самой назве газеты”. На думку Папы, “жанчыны валодаюць здольнасцю дзейнічаць і думаць зусім інакш”, па-іншаму. Мы бачым гэта ў Ватыкане: там, куды прыходзяць жанчыны, адразу ўсё мяняецца. Мы бачым гэта і ў паўсядзённым жыцці. Я шмат разоў гэта бачыў, наведваючы турмы: “жанчына ніколі не пакідае свайго дзіцяці, ніколі!” – сказаў Святы Айцец.

Паводле Пантыфіка, “жанчыны валодаюць трыма мовамі: мовай сэрца, мовай розуму і мовай рук. Жанчына думае тое, што адчувае, адчувае тое, што думае і робіць, і робіць тое, што адчувае і думае. Я не хачу сказаць, што ўсе жанчыны так паступаюць. Але ў іх ёсць такая здольнасць. І гэта выдатна”.

Папа падзяліўся з гасцямі двума асабістымі ўспамінамі. Першы ўспамін тычыцца маладога хлопца, маці якога працавала прыслугай і жыла ў беднасці. Аднойчы яе пяшчотны, “моцны і лагодны” погляд закрануў сэрца сына і ён змяніўся, стаў вялікім прафсаюзным дзеячам. Другі ўспамін тычыцца сустрэчы з Урсулай фон дэр Ляен, лекаркі і маці сямі дзяцей, якім яна тэлефануе кожны дзень. Папа спытаў, як у яе атрымоўваецца вырашаць сур'ёзныя праблемы Еўрапейскага Саюза. “Яна моўчкі паглядзела на мяне, а потым паказала жэстамі, рукамі, сказаўшы, што робіць гэта так, як усе мамы”, - падзяліўся Францішак, дадаючы, што мае на ўвазе менавіта гэта, гаворачы пра тры мовы жанчын: думкі, пачуцці і справы. “І гэта не які-небудзь клерыкальны фемінізм”, а адлюстраванне рэальнасці, - заключыў Пантыфік.

06 сакавіка 2023, 10:37