Пошук

Лагатып падарожжа Папы ў Венгрыю Лагатып падарожжа Папы ў Венгрыю 

Абнародаваны лагатып і дэвіз пілігрымкі Папы ў Венгрыю

1 сакавіка 2023 года ў Ватыкане былі абнародаваны лагатып і дэвіз Апостальскага падарожжа Святога Айца ў Венгрыю. Ён наведае сталіцу гэтай дзяржавы 28-30 красавіка 2023 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Галоўны элемент лагатыпа – Ланцуговы мост у Будапешце, самы старажытны мост у Венгрыі. Сімвал сталіцы і ўсёй краіны, ён быў збудаваны, каб злучыць гарады Буда і Пешт, падзеленыя Дунаем. Мост нагадвае пра важнасць будавання мастоў паміж людзьмі, аб чым часта кажа Святы Айцец.

На пілонах моста сустракаюцца колеры Апостальскай Сталіцы (белы і жоўты) і Венгрыі (чырвоны, белы і зялёны). Мост змешчаны ўнутры круга, які сімвалізуе Эўхарыстыю, а таксама свет, адкуплены Хрыстом, - адзначаецца ў афіцыйным апісанні сімвала падарожжа.

У левым баку круга знаходзіцца выява крыжа, якая нагадвае пажаданне Францішка, выказанае 12 верасня 2021 года ў Будапешце, аб тым, каб крыж мог стаць мостам паміж мінулым і будучыняй. З правага боку ад круга размешчаны дэвіз пілігрымкі: Хрыстус – наша будучыня, а таксама надпіс: Папа Францішак у Венгрыі 28-30 красавіка 2023.
 

01 сакавіка 2023, 11:31