Святы Айцец моліцца за ахвяр чыгуначнай катастрофы ў Грэцыі
Марыя Валодзіна – Vatican News
“Францішак засмучаны гібеллю і раненнямі людзей у выніку крушэння цягнікоў бліз Ларысы і хоча запэўніць у сваіх малітвах усіх, каго закранула гэтая трагедыя. Давяраючы душы памерлых міласэрнай ласцы Усемагутнага, ён выказвае шчырыя спачуванні сем'ям, якія аплакваюць сваіх блізкіх. Яго Святасць дасылае сваё благаславенне параненым, выратавальнікам і ўсім тым, хто аказвае дапамогу”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, падпісанай кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і скіраванай на імя старшыні Канферэнцыі біскупаў Грэцыі Пэтраса Стэфану.
Трагедыя здарылася ў выніку лабавога сутыкнення пасажырскага і грузавога цягнікоў, якія рухаліся з высокай хуткасцю. Некалькі вагонаў сышлі з рэек. Па меншай меры 36 чалавек загінулі і дзясяткі атрымалі раненні. Чакаецца, што колькасць ахвяр можа павялічыцца. Урад Грэцыі аб'явіў трохдзённую нацыянальную жалобу.