Таямнічая белая скрынка або першая “сустрэча двух папаў”
Ян Глінскі
Сустрэча адбылася праз дзесяць дзён пасля таго, як на Пасад святога Пятра 13 сакавіка 2013 года быў абраны 76-гадовы аргенцінскі кардынал Хорхэ Марыа Берголіа.
Яго папярэднік сачыў за канклавам са свайго тагачаснага месца адасаблення. З 28 лютага 2013 года ён жыў у летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа пад Рымам. 85-гадовы тады Бэнэдыкт XVI цешыўся жыццём без цяжару кіравання Касцёлам, і да яго паступова пачалі вяртацца сілы пасля шматгадовага фізічнага напружання – дзякуючы шпацырам, малітве і чытанню кніг.
Як вынікае з нататак яго асабістага сакратара арцыбіскупа Георга Генсвайна, газеты і трансляцыі па тэлебачанні былі адзінымі каналамі, якія ядналі Папу-эмерыта з выбарамі яго наступніка. Не было ніякіх тэлефанаванняў, ніякіх размоў з былымі даверанымі асобамі і, вядома, ніякіх публічных заяў. Бэнэдыкт XVI, як ён сам сказаў, абвяшчаючы аб сваёй адстаўцы, быў схаваны ад вачэй свету з 1 сакавіка 2013 года. Увага СМІ і вочы многіх мільёнаў католікаў ва ўсім свеце былі скіраваныя выключна на яго наступніка.
Сотні журналістаў, якія заставаліся ў Рыме, былі яшчэ больш усхваляваны, калі тагачасны кіраўнік Залы Друку Святога Пасада, ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі абвясціў, што новы Папа наведае свайго папярэдніка. Адразу ўзніклі спекуляцыі: ці пацалуе Папа-эмерыт пярсцёнак новага Папы? Ці будзе мець на сабе фіялетавую стулу як знак адрознення? Ці будуць звяртацца адзін да аднаго “Святы Айцец”? І ці Папа-эмерыт абвесціць нешта новае, што яшчэ не было сказана пра яго адстаўку, вестка пра якую здзівіла ўвесь свет?
З вялікім расчараваннем была ўспрынята адсутнасць прамой трансляцыі. Былі абнародаваны толькі відэазапісы і фатаграфіі, якія паказваюць сардэчную сустрэчу старэйшага мужчыны з яго крыху малодшым наступнікам. Няма ўшанавання праз пацалунак персценя, узаемнага прывітання “Святы Айцец”, няма стулы. Затое ёсць доўгія цёплыя абдымкі і трыманне за рукі, аднадушная малітва на каленях у хатняй капліцы, якая ўсцяж перарывалася бясконцым пстрыканнем фотакамер, уручэнне падарунку і, урэшце, размова ў прыватнай бібліятэцы, якая працягвалася ўсяго секунд пяць.
З усяго гэтага тыя пяць зарэгістраваных секунд далі новы матэрыял для размовы: паміж Францішкам, які сядзіць на канапе, і яго папярэднікам (у крэсле), знаходзіцца белая кардонная скрынка, у якой, відаць, знаходзяцца акты, а на іх – выпуклы вялікі белы канверт. З таго часу з’явілася шмат спекуляцый на тэму змесціва скрынкі і канверта. І толькі пасля публікацыі нататак арцыбіскупа Генсвайна стала вядома, што знаходзілася ўнутры.
Гэта была проста справаздача камісіі трох курыяльных кардыналаў-эмерытаў з прыкладзенымі аўдыёзапісамі і расшыфроўкай размоў. Гэта камісія даручыла Бэнэдыкту XVI даведацца аб перадгісторыі так званай аферы Vatileaks.
У 2011-2012 гадах камердынер Паола Габрыэле выкраў са стала арцыбіскупа Генсвайна канфідэнцыйныя дакументы і перадаў іх змест двум італьянскім журналістам. Кардыналам было даручана даведацца як была здраджана таямніца. Вынікі іх размоў і высновы былі ў скрынцы. У канверце Папа, які склаў абавязкі, пакінуў свой уласны погляд на інцыдэнт.
Пасля супольнага абеду, апоўдні Францішак выехаў у Ватыкан, а яго папярэднік правёў у летняй рэзідэнцыі яшчэ паўгода. Калі Бэнэдыкт XVI пераехаў у апошні раз у сваім жыцці – на гэты раз у былы кляштар Mater ecclesiae у Ватыканскіх садах – у дзвярах яго новага дома чакаў ніхто іншы як Папа Францішак, які цёпла прывітаў яго.
Паводле арцыбіскупа Генсвайна, гэта другая сустрэча была для Папы-эмерыта, у якога за гэты час значна палепшылася здароўе, такой жа важнай як і першая, але СМІ і грамадскасць гэтага амаль не заўважылі. Мірнае суіснаванне дзеючага Наступніка Пятра і Папы-эмерыта стала тым часам амаль нормай.