Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі астраном: навука – штодзённы шлях з Богам

“Навука – гэта не адкрыцці”, як і “рэлігія – гэта не фантастычная сустрэча з Богам”, а “штодзённае пілігрымаванне разам са Стварыцелем”, - падкрэсліў галоўны ватыканскі астраном, брат Гай Кансальманьё.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа працуюць 12 навукоўцаў, місія якіх заключаецца ў вывучэнні касмічнай прасторы, папулярызацыі навукі і дапамозе ў разуменні сусвету. “Часам здараецца, што мы адкрываем новыя нябесныя целы і прапануем назвы для іх”, - патлумачыў у інтэрв'ю Vatican News дырэктар гэтай установы.

Навуковец пракаментаваў нядаўняе наданне чатыром астэроідам, назваў у гонар папы Грыгорыя XІІІ – Уга Банкампаньі, які жыў у XVI стагоддзі і правёў рэформу календара, а таксама трох езуітаў, святароў, звязаных з дзейнасцю Ватыканскай абсерваторыі: Ёхана Хагена, Біла Стогера і Роберта Януша. “Нас шмат – людзей, якія працуюць з тэлескопам і адкрываюць новыя нябесныя целы, таму некаторыя астэроіды носяць нашы імёны. Таксама і я маю адзін”, - сказаў астраном.

У абсерваторыі Святога Пасаду вывучаюцца розныя галіны астраноміі. Адзін з навукоўцаў, ксёндз Жан-Батыст Кіквая Элуа, займаецца даследаваннем метэарытаў, якія ўпалі ў розных частках Зямлі. “Ён вывучыў таксама напрамкі, з якіх яны ўвайшлі ў нашу атмасферу, і прыйшоў да высновы, што напрамкі метэарытаў, упаўшых у Італіі, адрозніваюцца ад напрамкаў тых, якія ўпалі ў Тэхасе”, - расказаў брат Кансальманьё.

Езуіт прызнаўся, што, думаючы пра будучыя назвы для малых нябесных цел, якія можна прапанаваць на разгляд Міжнароднаму астранамічнаму саюзу, яму прыходзяць на думку зусім не імёны Пантыфікаў. “Калі будуць адкрыты новыя метэарыты, я мару, каб яны былі названы ў гонар чатырох законніц, якія працавалі ў Ватыканскай абсерваторыі 100 гадоў таму”, - прызнаўся Кансальманьё.

Ватыканская астранамічная абсерваторыя з’яўляецца адной з найстаражытнейшых у свеце. Сваімі каранямі яна сягае ў XVI стагоддзе, калі, падчас падрыхтоўкі да рэформы календара, Грыгорый ХІІІ распарадзіўся збудаваць у Апостальскім палацы вежу з найсучаснейшым на той час астранамічным абсталяваннем.

У 1930 годзе абсерваторыя была перанесена ў Кастэль-Гандольфа – невялікае мястэчка ў 35 кіламетрах ад Рыма, дзе назіранням за небам не перашкаджае электрычнае святло вялікага горада. Яшчэ адзін ватыканскі астранамічны цэнтр з 1981 года дзейнічае ў ЗША: ён знаходзіцца ў горадзе Тусан у штаце Арызона. У 1993 годзе вялікі ватыканскі тэлескоп быў устаноўлены ў Міжнароднай абсерваторыі Маунт-Грэм у Арызоне – найлепшым астранамічным цэнтры ў Паўночнай Амерыцы.
 

02 сакавіка 2023, 10:33