Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа: з’яднаемся ў веры і салідарнасці з тымі, хто пакутуе ад вайны

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 12 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане, Папа нагадаў пра акцыю 24 гадзіны для Пана і заклікаў трываць у салідарнасці з украінскім народам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У наступныя пятніцу і суботу, 17-18 сакавіка, ва ўсім Касцёле зноў пройдзе ініцыятыва 24 гадзіны для Пана. Гэта час, прысвечаны малітве, адарацыі і сакрамэнту паяднання. У другой палове дня ў пятніцу я паеду ў адну з рымскіх парафій на пакаяннае набажэнства”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што год таму, менавіта ў рамках гэтай ініцыятывы быў здзейснены ўрачысты чын прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі, які суправаджаўся малітвай аб дары міру.

“Няхай не слабее наш давер, няхай не слабее надзея. Пан заўсёды выслухоўвае просьбы, якія Яго народ звяртае да Яго праз заступніцтва сваёй Маці. Давайце будзем заставацца з’яднанымі ў веры і салідарнасці з нашымі братамі і сёстрамі, якія пакутуюць у выніку вайны. Перш за ўсё, давайце не будзем забываць пра змучаны ўкраінскі народ”, - заахвоціў Францішак.
 

12 сакавіка 2023, 13:18