Пошук

Францішак пра ахову здароўя, натхнёную хрысціянствам

Калі хворы чалавек не ставіцца ў аснову і не разглядаецца ў яго годнасці, узнікае стаўленне, якое можа прывесці нават да спекуляцыі на няшчасцях іншых, - лічыць Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэту думку Францішак агучыў 13 красавіка 2023 года, сустракаючыся ў Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскай Рэлігійнай асацыяцыі сацыяльна-медыцынскіх інстытутаў (ARIS). Ён адзначыў, што Касцёл шмат зрабіў праз ахову здароўя, надаючы ўвагу бедным, слабым і пакінутым слаям грамадства.

“Нам неабходна прайсці шлях разважанняў і зрабіць смелы выбар, памятаючы, што наша пакліканне – стаяць на мяжы патрэбы. Як Касцёл, мы пакліканы, перш за ўсё, адказаць на патрэбу ў гарантаванні медыцынскай дапамогі самым бедным, адрынутым і тым, чые патрэбы ігнаруюцца па эканамічных ці культурных прычынах”, - сказаў Пантыфік.

Ён звярнуў увагу на феномен "беднасці сферы аховы здароўя", які пашыраецца ў рэгіёнах з больш складанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй. Многім “цяжка атрымаць доступ да медыцынскіх паслуг з прычыны вельмі доўгіх чэргаў, нават для тэрміновых і неабходных візітаў”. Становіцца ўсё больш вострым пытанне прамежкавай медыцынскай дапамогі, улічваючы тэндэнцыю бальніц выпісваць хворых у кароткія тэрміны, аддаючы перавагу лячэнню вострых фаз хваробы, а не хранічных паталогій.

“Ахова здароўя, натхнёная хрысціянствам, абавязана абараняць права на апеку, асабліва для слабых слаёў грамадства, аддаючы перавагу тым месцам, дзе людзі больш за ўсё пакутуюць і пра якія менш за ўсё клапоцяцца, нават калі гэта можа запатрабаваць пераўтварэння існуючых паслуг у адпаведнасці з новымі рэаліямі”, - заўважыў Францішак. Ён з жалем дадаў, што сёння магчымасці доступу да медыцынскай дапамогі ў тых, хто мае фінансавыя рэсурсы, і найбольш абяздоленых радыкальна няроўныя.

Рэлігійныя медустановы маюць перш за ўсё місію клопату пра “адкінутых эканомікай аховы здароўя і адпаведнай сучаснай культурай”, - лічыць Папа. З сённяшняй складанай рэальнасцю, перакананы ён, можна справіцца толькі ў тым выпадку, калі прадстаўнікі касцёльнага сектару сферы аховы здароўя “набяруцца смеласці сабрацца разам і аб'яднацца, пазбягаючы духу канкурэнцыі, спалучаючы навыкі і рэсурсы і, магчыма, ствараючы новыя юрыдычныя асобы” для дапамогі тым, хто мае няшмат рэсурсаў.

Францішак рэкамендаваў сваім гасцям не забываць пра духоўную і рэлігійную дапамогу хворым, іх сем'ям і медыцынскім работнікам. Ён заўважыў, што гаворка тут ідзе не толькі аб сакрамэнтальным душпастырстве, але аб поўнай увазе да чалавека.
 

13 красавіка 2023, 11:12