Пошук

Францішак падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце Францішак падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце  (ANSA)

Францішак: мір заўсёды дасягаецца праз адкрытыя каналы

На пытанні пра магчымасць паскорыць мірны працэс ва Украіне, а таксама пра наступныя пілігрымкі адказаў Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, які даставіў яго з Будапешта ў Рым.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Вяртаючыся з апостальскага падарожжа ў Венгрыю, Францішак адказаў на пытанні журналістаў аб магчымасці паскорыць мірны працэс для Украіны або сустрэцца з прэзідэнтам Расіі. Папа сказаў: “Я лічу, што мір заўсёды дасягаецца праз адкрытыя каналы, немагчыма дасягнуць міру шляхам закрыцця. Я запрашаю ўсіх да адкрытых адносінаў, каналаў сяброўства...”

“Іларыён – чалавек, якога я вельмі паважаю, і ў нас заўсёды былі добрыя адносіны. Ён быў настолькі ласкавы, каб наведаць мяне з візітам, потым ён быў на Імшы, і я таксама бачыў яго тут, у аэрапорце. Іларыён – разумны чалавек, з якім можна размаўляць, і гэтыя адносіны трэба падтрымліваць. [...] Мы павінны працягваць руку ўсім, а таксама прымаць працягнутую руку”, - сказаў Францішак.

Ён удакладніў, што “з Патрыярхам Кірылам размаўляў толькі аднойчы з пачатку вайны, размова ў Zoom доўжылася 40 хвілін. Затым сувязь была праз Антонія, які цяпер займае месца Іларыёна”.

Святы Айцец зазначыў, што чакае візіту мітрапаліта Антонія, які “служыў святаром у Рыме і добра ведае асяроддзе”. Па словах Папы, Антоній з’яўляецца пасярэднікам у яго адносінах з Кірылам. “Сустрэча, якую мы павінны былі правесці ў Іерусаліме ў ліпені або чэрвені мінулага года, была адменена, прыпынена з прычыны вайны. Яе трэба будзе здзейсніць”, - дадаў Святы Айцец.

Па словах Папы, яго звязваюць добрыя адносіны з паслом Расіі пры Святым Пасадзе: “Ён вялікі чалавек, чалавек comme il faut. Сур'ёзны, адукаваны, вельмі ўраўнаважаны чалавек. Адносіны з рускімі ў асноўным ажыццяўляюцца менавіта праз гэтага пасла”.

На пытанне аб тым, ці могуць мітрапаліт Іларыён і венгерскі прэм'ер Орбан стаць пасярэднікамі ці адкрытымі каналамі для сувязі з Масквой, Папа адказаў: “Мы гаварылі пра ўсе гэтыя рэчы. Мы гаворым пра гэта, таму што ўсе клапоцяцца пра мірны шлях. Я гатовы. Я гатовы зрабіць усё, што трэба зрабіць”.

Гаворачы аб магчымых наступных пілігрымках, Францішак пацвердзіў намер адправіцца пасля Лісабона ў Марсэль і Манголію.

30 красавіка 2023, 22:37