Пошук

Францішак: Будапешт – горад гісторыі, мастоў і святых

Пра хрысціянскія каштоўнасці немагчыма сведчыць праз закамянеласць і закрытасць, бо праўда Хрыста прадугледжвае лагоднасць і далікатнасць, - нагадаў венгерскаму істэблішменту Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

28 красавіка 2023 года ў былым кармеліцкім кляштары ў Будапешце Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі венгерскіх уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў гэтай краіне. Зварот да іх стаў першай публічнай прамовай Папы падчас яго Апостальскага падарожжа ў Венгрыю.

Святы Айцец пачаў з таго, што нагадаў пра вытокі палітыкі – яна ўзнікла ў горадзе, полісе, з гарачага жадання жыць разам, гарантуючы правы і спаўняючы абавязкі. У рэфлексіі на гэту тэму, на яго думку, дапамагае сам Будапешт – “горад гісторыі, горад мастоў і горад святых”.

“Узнікшы ў мірныя часы, ён спазнаў балючыя канфлікты: не толькі нашэсці далёкіх часоў, але таксама насілле і прыгнёт, выкліканыя нацысцкай і камуністычнай дыктатурамі – як можна забыць 1956 год?”, - спытаў Пантыфік, нагадваючы таксама пра дэпартацыі, закрыццё ў гета і масавае забойства венгерскіх яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны. Францішак адзначыў, што ў той час было шмат адважных праведнікаў, якія ратавалі іх, сярод якіх нунцый Анджэла Рота.

“Сёння Будапешт – гэта адзін з еўрапейскіх гарадоў з самым высокім працэнтам яўрэйскага насельніцтва, цэнтр краіны, якая ведае каштоўнасць свабоды і якая, заплаціўшы высокую цану дыктатурам, нясе ў сабе місію захавання скарбу дэмакратыі і мары пра мір”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак са шкадаваннем заўважыў, што ў наш час мы “назіраем сумны закат аднадушнай мары пра мір, у той час калі сталі пераважаць салісты вайны”. У душах людзей аслабла гарачае жаданне будаваць мірную і стабільную супольнасць народаў: замест гэтага “пазначаюцца тэрыторыі, падкрэсліваюцца адметнасці, зноў рыкае нацыяналізм і ўзвышаюцца суджэнні і тон у адносінах да іншых”.

“Мір ніколі не прыйдзе праз дасягненне ўласных стратэгічных інтарэсаў, але праз палітыку, здольную глядзець на цэлае, на развіццё ўсіх: уважлівую да людзей, да бедных і да заўтрашняга дня; а не толькі да ўлады, прыбытку і цяперашніх магчымасцей”, - папярэдзіў Святы Айцец, заклікаючы да крэатыўных намаганняў на карысць міру ва Украіне.

Гаворачы пра Будапешт як пра горад мастоў, якія злучаюць паміж сабой розныя і вельмі адметныя часткі сталіцы, Францішак адзначыў, што масты запрашаюць паразважаць пра важнасць адзінства, якое не азначае аднастайнасці.

Папа папярэдзіў пра небяспеку папулізму, а таксама “ідэалагічнай каланізацыі”, што “знішчае адметнасці, як у выпадку з так званай гендарнай культурай, альбо ставіць звужанае паняцце свабоды супраць жыцця, напрыклад, калі нехта хваліцца здабыццём бессэнсоўнага “права на аборт”, якое заўсёды з’яўляецца трагічнай паразай”.

Францішак падкрэсліў, што Будапешт з’яўляецца горадам святых. Ён нагадаў пра першага венгерскага караля – святога Стэфана, а таксама пра яго жонку і сына – благаслаўлёную Гізэлу і святога Эмерыка. “Венгерская гісторыя пазначана святасцю”, але пра “хрысціянскія каштоўнасці немагчыма сведчыць праз закамянеласць і закрытасць, бо праўда Хрыста прадугледжвае лагоднасць і далікатнасць, у духу благаслаўленняў”. Гэтыя каштоўнасці прадугледжваюць адкрытасць на іншых, увагу да нацыянальных меншасцяў, да бедных і патрабуючых.

Пантыфік асабліва падкрэсліў, што людзі, якія называюць сябе хрысціянамі павінны даваць сведчанне і крочыць разам з усімі, сілкуючы гуманізм, натхнёны Евангеллем і ідучы па двух асноўных шляхах: прызнання сябе ўмілаванымі дзецьмі Айца і любові да кожнага, як да брата. Францішак нагадаў словы святога Стэфана, які лічыў сапраўдным упрыгожваннем краіны людзей розных моваў і культур, а таксама пажадаў плённага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам у Венгрыі.

 

28 красавіка 2023, 13:20