Папа: нястомна даваць сведчанне Евангелля нават у часы ганенняў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак прысвяціў катэхезу мучанікам, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста і вызнанне сваёй веры. Ён падкрэсліў, што слова “мучаніцтва” паходзіць ад грэчаскага martyria, што азначае сведка. Мучанікаў трэба разумець не як “герояў”, якія дзейнічалі паасобку, “быццам кветкі, што прараслі ў пустыні”, але “як саспелыя і дасканалыя плады вінаградніка Пана, якім з’яўляецца Касцёл”, - перакананы Папа.
“Хрысціяне, якія старанна ўдзельнічалі ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, пад кіраўніцтвам Духа будавалі сваё жыццё на аснове гэтай таямніцы любові: гэта значыць на тым, што Пан Езус аддаў сваё жыццё за іх, і таму таксама яны маглі і павінны аддаць сваё жыццё за Яго і за сваіх братоў”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, словы святога Аўгусціна, які тлумачыў духоўную дынаміку, што натхняла мучанікаў, кажучы, што яны “любяць Хрыста ў жыцці і наследуюць Яго ў смерці”.
Папа зазначыў, што мучанікаў у сучасным свеце больш, чым у першыя стагоддзі хрысціянства, а таксама нагадаў, што “Касцёл лічыць мучаніцтва асаблівым дарам і найвышэйшым выпрабаваннем любові, праз якое вучань, які дабравольна прымае смерць для збаўлення свету, прыпадабняецца да Настаўніка і наследуе Яго ў праліцці крыві” (Lumen gentium, 42).
“Мучанікі, наследуючы Езуса і дзякуючы Яго ласцы, ператвараюць насілле тых, якія адмаўляюць абвяшчэнне, у нагоду для вялікай любові, найвышэйшай, што дасягае нават прабачэння ўласных катаў. Гэта цікава: мучанікі заўсёды прабачаюць катаў. Стэфан, першы мучанік, памёр, молячыся: “Пане, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”, - нагадаў Святы Айцец.
Францішак падкрэсліў, што ўсе хрысціяне “павінны быць гатовыя вызнаваць Хрыста перад людзьмі і пайсці за Ім крыжовай дарогай сярод ганенняў, якіх Касцёлу заўжды хапала”. “Мучанікі паказваюць нам, што кожны хрысціянін пакліканы да жыццёвага сведчання, нават калі не даходзіць да праліцця ўласнай крыві, робячы з сябе дар Богу і братам, па прыкладзе Езуса”, - дадаў ён.
Пантыфік нагадаў пра мужныя прыклады сведчання веры ў наш час, у тым ліку пра забітых у Емене каталіцкіх законніц і свецкіх вернікаў, якія працавалі разам з імі, у тым ліку мусульман. Ён адзначыў, што сведчанне праз пралітую за веру кроў можа аб’ядноўваць людзей розных веравызнанняў. “Ніколі нельга забіваць у імя Бога, таму што для Яго мы ўсе браты і сёстры. Але разам мы можам аддаць сваё жыццё за іншых”, - сказаў Папа.
Францішак заахвоціў маліцца, “каб мы нястомна давалі сведчанне Евангелля нават у часы ганенняў”. “Няхай усе святыя і святыя мучанікі будуць зернем міру і прымірэння паміж народамі дзеля больш гуманнага і братэрскага свету, які чакае поўнага аб’яўлення Нябеснага Валадарства, калі Бог будзе ўсім ва ўсім”, - сказаў Святы Айцец.
Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў вернікаў з розных краін, прысутных на плошчы святога Пятра, заклікаючы быць “трывалымі ў блізкасці і малітве за дарагую і змучаную Украіну, якая працягвае цярпець страшныя пакуты”.