Пантыфік: няхай Алімпіяда-2024 стане магчымасцю для братэрства
Марыя Валодзіна - Vatican News
У пасланні за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна гаворыцца: “Дарагія сябры, католікі Францыі! У вашай дарагой краіне летам 2024 года пройдуць Алімпійскія гульні. Якая радасць вітаць увесь свет і якая адказнасць ляжыць на вас! Яго Святасць Папа Францішак заклікае вас шырока мабілізавацца, каб гэта мерапрыемства стала нагодай для глыбокіх і плённых сустрэч паміж людзьмі, якія належаць да розных слаёў грамадства, розных народаў, культур і рэлігій”.
Стаць валанцёрамі, адкрыць свае касцёлы, школы і дамы, але, перш за ўсё, адкрыць свае сэрцы, каб бескарыслівай і шчодрай гасціннасцю сведчыць пра Хрыста, - заахвоціў Папа французскіх вернікаў, падзякаваўшы ім за тое, што “не забыліся далучыць да гэтага цудоўнага спартыўнага свята людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бедных і маргіналізаваных”.
Напрыканцы зварота Пантыфік выказаў спадзяванне, што Алімпійскія гульні стануць магчымасцю сапраўднага братэрства, у якім так мае патрэбу свет, а таксама ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне арганізатарам, валанцёрам і ўсім тым, хто прыме ўдзел у Алімпіядзе.