Пошук

Пантыфік востра на тэму права работніка на пенсію

Нам патрэбны мудрыя палітыкі, якія кіруюцца крытэрыем братэрства, - адзначыў Папа 3 красавіка 2023 года, сустракаючыся з прадстаўнікамі італьянскага Інстытута сацыяльнага забеспячэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку Францішка, “тэма сацыяльнага забеспячэння становіцца ўсё больш і больш актуальнай”, сённяшняе грамадства “мала цікавіць, што можа адбыцца з будучымі пакаленнямі”. Трывожнымі знакамі тут з'яўляюцца і экалагічны крызіс, і дзяржаўны доўг, якія кладуцца на плечы дзяцей і ўнукаў.

З іншага боку, сацыяльнае забеспячэнне – гэта форма дабрабыту, якая падтрымлівае сувязь паміж рознымі пакаленнямі: заслужаная пенсія работніка трымаецца не толькі за кошт яго працоўнага стажу, але і за кошт таго, што ёсць нехта, хто сваёй дзейнасцю фактычна аплачвае пенсію іншым.

Пантыфік заклікаў функцыянераў не забывацца, што “замежныя работнікі, якія яшчэ не маюць італьянскага грамадзянства, таксама ўносяць свой уклад у пенсійную сістэму”. “Агульнае дабро праходзіць праз штодзённую працу мільёнаў людзей, якія падзяляюць прынцып салідарнасці працоўных”, - заўважыў ён.

Францішак заклікаў бароцца з незадэклараванай працай, якая “дэфармуе рынак працы і падвяргае работнікаў формам эксплуатацыі і несправядлівасці”. Таксама ён лічыць сур’ёзнай праблемай нестандартную або часовую занятасць, “якая ўплывае на жыццёвы выбар маладых людзей і прымушае іх працаваць нават тады, калі не хапае сіл” – “нявызначанасць павінна быць часовай, яна не можа працягвацца празмерна”. Папа папрасіў сваіх гасцей спрыяць годнай працы – свабоднай і творчай.

“Нам патрэбны мудрыя палітыкі, якія кіруюцца крытэрыем братэрства і ўмеюць адрозніваць поры года, пазбягаючы марнавання рэсурсаў, калі яны ёсць, і пакідання будучых пакаленняў у сур'ёзных цяжкасцях”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
 

03 красавіка 2023, 12:42