Пантыфік заклікаў кіраўнікоў народаў натхняцца Pacem in terris
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Учора споўнілася 60 гадоў энцыкліцы Pacem in terris, якую святы Ян XXIII скіраваў да Касцёла і свету ў разгар напружання паміж двума супрацьлеглымі блокамі ў так званай халоднай вайне. Папа адкрыў перад усімі шырокі гарызонт, на якім можна гаварыць аб міры і будаваць мір – Божую задуму для свету і чалавечай сям’і”, - сцвердзіў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 красавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.
Папа заўважыў, што ў свой час энцыкліка Pacem in terris стала сапраўдным благаслаўленнем, як “пробліск ціхамірнасці сярод цёмных хмар”, а яе пасланне застаецца вельмі актуальным у наш час.
“Дастаткова, напрыклад, гэтага ўрыўку: “Адносіны паміж палітычнымі супольнасцямі, як і адносіны паміж людзьмі, павінны рэгулявацца не сілай зброі, але святлом розуму, гэта значыць праўдай, справядлівасцю і дзейснай салідарнасцю” (62), - нагадаў Пантыфік.
“Я запрашаю вернікаў, а таксама мужчын і жанчын добрай волі, чытаць Pacem in terris, і малюся, каб кіраўнікі народаў натхняліся ёй у сваіх планах і рашэннях”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Завяршаючы агульную аўдыенцыю, Францішак прывітаў вернікаў з розных краін свету, сабраных на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, у чарговы раз заклікаючы ўсіх маліцца за змучаную вайной Украіну.