Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Папа адчувае адсутнасць Бэнэдыкта XVI і бароніць Яна Паўла ІІ

Францішак плануе паездку ў Аргенціну ў 2024 годзе – так называецца артыкул, які з'явіўся ў выданні La Nacion, якое выходзіць у гэтай краіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Яго аўтарам з’яўляецца журналіст Хаакін Маралес Сола, які цытуе фрагменты размовы са Святым Айцом. У ім Папа чарговы раз цвёрда выступае ў абарону добрага імя святога Яна Паўла ІІ, які апошнім часам стаў аб’ектам інсінуацый і паклёпу ў кантэксце трагічнай гісторыі Эмануэлы Арландзі.

Францішак падкрэсліў, што яго папярэднік быў святым ужо пры жыцці і афіцыйна прызнаны такім пасля смерці. Ён лічыць, што няма падстаў ставіць пад сумнеў годную і сумленную пазіцыю Яна Паўла ІІ.

Святы Айцец таксама сказаў, што адчувае адсутнасць Бэнэдыкта XVI. Ён дадаў, што бачыў яго значна часцей, чым паведамлялася, асабліва ў той час, калі стала відавочна, што яго здароўе пагаршаецца. Адносна будучага былога асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, арцыбіскупа Георга Генсвайна, Францішак сказаў, што той можа вырашыць, ці вернецца ён у Германію ці застанецца ў Італіі, але, хутчэй, не ў сценах Ватыкана.

Сола таксама тлумачыць, што, калі Папа казаў яму аб сваім намеры наведаць Радзіму ў наступным годзе, ён удакладніў, што не збіраецца здзяйсняць паездку ў той час, калі ў Аргенціне ідзе кампанія перад прэзідэнцкімі выбарамі, запланаванымі на кастрычнік 2023 года. Францішак не хоча, каб яго прысутнасць была выкарыстана ў палітычных мэтах як кіруючымі, так і апазіцыйнымі сіламі. Акрамя таго, ён лічыць, што, знаходзячыся 10 гадоў па-за краінай, ён не цалкам разбіраецца ў тым, што адбываецца, і было б несправядліва праяўляць палітычныя сімпатыі ці антыпатыі.

Святы Айцец таксама пракаментаваў пытанне будучага арцыбіскупа Буэнас-Айрэса пасля таго, як кардынал Марыё Полі сышоў у адстаўку па ўзросце. Ён паведаміў, што ёсць тры кандыдаты. Пасля кансультацый з дыкастэрыямі Святога Пасада і адказнымі асобамі будзе абраны адзін з іх. Гэта не з'яўляецца выключна асабістым рашэннем Францішка.

Журналіст завяршае свой артыкул наступнымі словамі: “Аргенцінскі Папа, здаецца, надзелены яснасцю розуму і выразам твару, які сведчыць аб ідэальнай форме, нават калі стан яго калена патрабуе выкарыстання кія, каб зрабіць некалькі крокаў, або інваліднага вазка для вялікіх адлегласцей”.
 

25 красавіка 2023, 09:32