Пошук

Папа адведаў анкахворых дзяцей і ахрысціў немаўля

Францішак, які знаходзіцца на лячэнні ў рымскай клініцы імя Агасціна Джэмэлі, у другой палове дня 31 сакавіка 2023 года адведаў дзяцей з анкалагічнага аддзялення гэтай медыцынскай установы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец падарыў маленькім пацыентам ружанцы, шакаладныя яйкі і асобнікі кнігі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім – невялікае выданне, падрыхтаванае Апостальствам малітвы, якое распавядае пра Божае нараджэнне дзецям на падставе апавядання, змешчанага ў евангельскіх тэкстах святых Мацвея і Лукі.

Падчас візіту, які працягваўся каля паўгадзіны, Папа паразмаўляў з дзецьмі, іх бацькамі, медыцынскім персаналам і ўдзяліў сакрамэнт хросту немаўляці па імені Мігель Анхель, што нарадзілася некалькі тыдняў таму. Удзяліўшы благаслаўленне, Францішак вярнуўся ў свае апартаменты на дзясятым паверсе клінікі, паінфармаваў у спецыяльным камюніке кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.
 

01 красавіка 2023, 07:12