Пошук

Падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане Падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане  (Vatican Media)

Папа да святароў: быць прарокамі памазання і апосталамі гармоніі

Ахоўваць памазанне і гармонію, - заклікаў Францішак духавенства падчас святой Імшы Хрызма ў ватыканскай базыліцы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Урачыстая літургія прайшла раніцай 6 красавіка 2023 года ў базыліцы святога Пятра з удзелам кардыналаў, біскупаў і святароў Рымскай дыяцэзіі. Падчас яе Святы Айцец благаславіў алеі, якія выкарыстоўваюцца на працягу года пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, пасвячэння і намашчэння хворых.

У гаміліі, спасылаючыся на евангельскія словы “Дух Пана на Мне” (Лк 4, 18), Папа адзначыў, што менавіта пра Святы Дух ён хацеў бы паразважаць, бо “без Яго няма хрысціянскага жыцця, без Яго памазання няма святасці”. Папа нагадаў, што Святы Дух - галоўны герой, які стаіць ля вытокаў святарскага служэння і жыццёвай сілы кожнага пастыра, "дае жыццё". Без Яго нават Касцёл быў бы не жывой нявестай Хрыста, а ў лепшым выпадку, рэлігійнай арганізацыяй, не Целам Хрыстовым, а рукатворным храмам.

На думку Пантыфіка, кожны з прысутных можа сказаць, што на ім Дух Пана. Гэта не ганарыстасць, а рэальнасць, таму што кожны хрысціянін, асабліва святар, памазаны Панам. Святы Айцец прапанаваў больш падрабязна паразважаць над гэтым аспект Святога Духа - памазаннем. Звяртаючыся да святароў, Папа сказаў ім, што Пан не толькі абраў іх і паклікаў, але і намасціў іх Святым Духам, тым самым, які сышоў на апосталаў.

Езус абраў іх, і яны пакінулі лодкі, сецівы, хаты. Памазанне Словам змяніла іх жыццё. Яны з энтузіязмам рушылі ўслед за Настаўнікам і пачалі прапаведаваць, упэўненыя, што зробяць вялікія справы. Пакуль не наступіла Пасха, калі ім давялося адмовіцца ад Настаўніка і кінуць Яго: “Не ведаю гэтага Чалавека” (Мк 14,71). Гэтыя словы, на думку Папы, не толькі імпульсіўная абарона, але і прызнанне свайго духоўнага невуцтва. Апосталы чакалі ад Месіі, які збірае натоўпы, поспеху, але крыж разбурыў іх упэўненасць. Езус ведаў, што самі яны не справяцца, і таму паабяцаў ім Пяцідзесятніцу. Менавіта гэта другое памазанне ператварыла вучняў у апосталаў, падштурхнуўшы іх пасвіць статак Божы, - нагадаў Святы Айцец.

Па яго словах, падобным чынам працякае і жыццё святароў. У іх таксама было першае памазанне, калі яны адчулі ў сэрцы заклік любові, пакліканне. Затым для кожнага з іх надыходзіць момант ісціны, крызіс. Кожны з іх, рана ці позна, сутыкаецца з расчараваннем, цяжкасцямі і слабасцямі, ідэал слабее, зношваецца, звычка бярэ сваё. Гэта вырашальны момант для тых, хто атрымаў памазанне. У гэты момант да святароў падкрадаюцца тры небяспечныя спакусы: кампраміс, калі яны здавольваюцца тым, што робяць, сурагаты, якімі яны спрабуюць падзарадзіцца, і роспач, калі яны рухаюцца наперад па інэрцыі.

Аднак, папярэдзіў Святы Айцец, гэты крызіс можа стаць паваротным момантам у жыцці святара, вырашальным этапам духоўнага жыцця, на якім ён павінен будзе зрабіць “апошні выбар паміж Езусам і светам, паміж гераічнасцю міласэрнасці і пасродкавасцю, паміж крыжам і пэўным дабрабытам”. Гэта той момант, калі яны могуць пагадзіцца распачаць новы шлях, шлях духоўнасці, веры і моцнай любові, без ілюзій, каб ісці па ім да канца жыцця з дапамогай Святога Духа. Для святароў - гэта момант другога памазання. У гэты момант яны прымаюць Святы Дух не з энтузіязмам летуценнікаў, а ўсведамляючы свае слабасці, цяжкасці, далікатнасць.

Папа параіў у гэты момант прызнацца самому сабе ў свае слабасці, зазірнуць у сябе і спытаць: ці залежыць мая рэалізацыя ад майго майстэрства, ролі, кампліментаў, кар'еры і выгод або ад памазання? Сталасць святара надыходзіць тады, калі Святы Дух становіцца галоўным героем яго жыцця, тады духоўнае жыццё становіцца свабодным і радасным. Францішак заклікаў святароў ахоўваць памазанне не ад выпадку да выпадку, а кожны дзень, і рабіць гэта з дапамогай Святога Духа – унутранага настаўніка, да якога трэба прыслухоўвацца.

Другі аспект, пра які паразважаў Пантыфік - гэта гармонія. Пан паклікаў і памазаў святароў для таго, каб яны неслі свабоду, ласку, вылячэнне, адным словам, гармонію. Папа перасцярог ад чутак, плётак і інсінуацый, падзелу на партыі, падсілкоўвання настальгіі па мінулым, недаверу, песімізму, страху. “Будзьце пільныя, каб не запэцкаць памазанне раз'яднанасцю, палярызацыяй, адсутнасцю міласэрнасці і камуніі”, - папярэдзіў Святы Айцец, дадаючы, што “Святы Дух аддае перавагу супольнай форме”: неабходна ставіць паслухмянасць і пакору вышэй сваіх патрэбаў і густаў.

Францішак заклікаў сваіх сабратоў захоўваць гармонію, пачынаючы не з іншых людзей, а з саміх сябе, быць ветлівымі, не крытыкаваць, не паказваць пальцам, не глядзець з падазрэннем і не асуджаць, а вітаць і дараваць.

Напрыканцы гаміліі Папа шчыра падзякаваў святарам за іх сведчанне і служэнне, за дабро, якое яны робяць, за прабачэнне і суцяшэнне, якое яны нясуць у імя Бога, і заклікаў іх “быць прарокамі Яго памазання і апосталамі гармоніі”.

06 красавіка 2023, 11:31