Пошук

Папа на агульнай аўдыенцыі: раны могуць стаць крыніцай надзеі

Наблізіцца да крыжа і, стоячы перад распранутым і параненым Езусам, сказаць праўду пра сябе, пазбавіцца ад усяго лішняга і пачаць клапаціцца пра іншых, - заклікаў Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 красавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваёй катэхезе Папа спаслаўся на нядзельны евангельскі ўрывак пра магілу Езуса, якую засцерагаюць, “запячатаўшы камень” (Мц 27, 66). Здаецца, усё скончана. Для вучняў Езуса гэты камень азначае апошні прыпынак надзеі. Настаўнік укрыжаваны, “забіты самым жорсткім і зневажальным чынам”, гэта самы горшы з магчымых фіналаў. На думку Пантыфіка, роспач, якая прыгнятала вучняў Езуса, знаёма і нам сёння. У нас таксама згушчаюцца змрочныя думкі і пачуццё расчаравання: “Чаму так шмат абыякавасці да Бога? Чаму няроўнасць працягвае расці, а мір не надыходзіць?”

У свядомасці вучняў Езуса засяроджваннем канца з'яўляецца крыж. Аднак неўзабаве яны даведаюцца, што крыж - гэта новы пачатак. Так, “у чорных дзірках нашых расчараваных чаканняў”, нараджаецца, прарастае і адраджаецца Божая надзея. “Мы думаем пра крыж, як пра самую страшную прыладу катаванняў, а Пан зрабіў з яго найвялікшы знак любові”, - адзначыў Святы Айцец, дадаючы, што дрэва смерці стала дрэвам жыцця.

Сёння мы глядзім на дрэва крыжа, таму што ў нас прарастае надзея. Надзея вылячэння ад смутку, ад горычы. “І што ж мы бачым?” – запытаўся Папа, адказаўшы так: “Мы бачым Езуса, распранутага і параненага”.

“Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы” (Мц 27, 35). Пан дазволіў пазбавіць сябе ўсяго, тым самым, нагадваючы нам, што надзея адраджаецца тады, калі мы гаворым праўду пра сябе, адкідаем двудушнасць, вызваляемся ад масак і ўсяго вонкавага, лішняга. “Сёння нам патрэбна прастата”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы вярнуцца да простага жыцця, адмовіцца ад непатрэбных рэчаў, якія з'яўляюцца сурагатамі надзеі.

Па-другое, мы бачым Езуса, параненага целам і душой. “Якое дачыненне гэта мае да нашай надзеі?” – запытаўся Францішак, патлумачыўшы, што мы таксама параненыя. Хто не бываў паранены ў жыцці? У каго няма шрамаў, пакінутых дрэнным выбарам, непаразуменнямі, болем, крыўдамі, рэзкімі словамі, недарэчнымі меркаваннямі? Пан не хавае ад нашых вачэй сваіх ран, якія пранізваюць яго цела і душу. Ён паказвае нам, што з ран можна выпраменьваць святло. Укрыжаваны Езус не абвінавачвае, а любіць. Такім чынам, ён ператварае зло ў дабро, а боль у любоў, - адзначыў Папа.

“Гаворка ідзе ўжо не пра тое, колькі ран, шмат ці мала, мы атрымалі ад жыцця, але пра тое, што рабіць з гэтымі ранамі”, - лічыць Святы Айцец. Можна дазволіць ім заразіць нас крыўдай і смуткам, або, аб'яднаўшыся з Езусом, выпраменьваць з іх святло. Нашы раны могуць стаць крыніцай надзеі. Замест таго каб шкадаваць сябе, трэба выціраць чужыя слёзы, клапаціцца пра іншых, схіляцца над тымі, хто пакутуе, - заклікаў Францішак.

05 красавіка 2023, 10:45

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >