Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў пленарнай сесіі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця Аўдыенцыя для ўдзельнікаў пленарнай сесіі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця  (Vatican Media)

Папа: свецкія пакліканы несці хрысціянскія каштоўнасці ў свет

Кожнага верніка павінна натхняць жаданне служыць братам і сёстрам, а ў іх – Хрысту, - падкрэсліў Папа 22 красавіка 2023 года падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнай сесіі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я сказаў бы, што вы з’яўляецеся “народнай” Дыкастэрыяй, і гэта цудоўна! Прашу вас, ніколі не губляйце гэтай рысы блізкасці да людзей нашага часу”, - сказаў на пачатку звароту Пантыфік. Ён падзяліўся са сваімі гасцямі думкамі пра служэнне свецкіх вернікаў у сінадальным Касцёле – гэтай тэме было прысвечана пасяджэнне ватыканскага ведамства.

Францішак нагадаў, што ў Касцёле існуюць паслугі лектараў, акалітаў і катэхетаў, якія патрабуюць адмысловага ўстанаўлення і звязаны са служэннем пасвячаных асоб, бо прадугледжваюць розныя спосабы ўдзелу ў заданнях, уласцівых ім, хоць і без прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Аднак, форм служэння свецкіх у Касцёле нашмат больш: у іх аснове ляжыць пакліканне ўсіх вернікаў да агульнага святарства і ўдзелу ў місіі Касцёла, атрыманае праз хрост, а таксама шматлікія дары, якімі адорвае Святы Дух. Гэтыя формы служэння тычацца не толькі ўнутрыкасцёльных спраў, але таксама знешніх асяроддзяў, у якія ўключаны вернікі, - сказаў Папа.

“Я думаю ў першую чаргу пра патрэбы, звязаныя са старадаўнімі і новымі формамі беднасці, а таксама пра мігрантаў, якія неадкладна патрабуюць гасцінных і салідарных дзеянняў”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што ў гэтай сферы дастаткова прасторы для служэння і прыгожага і асабістага хрысціянскага сведчання. Папа згадаў таксама пра розныя формы служэння, заснаваныя на сакрамэнце сужэнства, і звязаныя, напрыклад, з выхаваўчай і евангелізацыйнай місіяй сям’і, у тым ліку ў адносінах да іншых сем’яў.

Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе формы служэння не павінны існаваць дзеля саміх сябе: іх мэта заключаецца ў тым, каб несці “хрысціянскія каштоўнасці ў грамадскі, палітычны і эканамічны свет” нашага часу. “І гэта місія даручана ў першую чаргу свецкім вернікам, дзейнасць якіх не можа абмяжоўвацца “ўнутрыкасцёльнымі заданнямі без сапраўднага прымянення Евангелля для трансфармацыі грамадства”, - зазначыў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што ўсе формы служэння свецкіх павінны спрыяць місіі Касцёла і быць скіраванымі на дапамогу іншым людзям. Ён заклікаў не баяцца прынізіцца ў служэнні і наследаваць словы Хрыста: “Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх” (Мк 10,43-44).

“Тут знаходзіцца сапраўдная матывацыя, якая павінна натхняць кожнага верніка пры прыняцці любога касцёльнага задання, любога абавязацельства хрысціянскага сведчання ў рэчаіснасці, у якой ён жыве: жаданне служыць сваім братам і сёстрам, а ў іх – Хрысту. Толькі так кожны ахрышчаны зможа адкрыць сэнс уласнага жыцця, з радасцю спазнаючы, што з’яўляецца “місіяй у гэтым свеце”, пакліканым у розных формах і спосабах да “асвятлення, благаслаўлення, ажыўлення, узняцця, аздараўлення, вызвалення”, - падкрэсліў на завяршэнне прамовы Святы Айцец.
 

22 красавіка 2023, 11:26