Папа ўзгадаў Белфасцкае пагадненне і заклікаў да міру ва Украіне
Марыя Валодзіна – Vatican News
“Дарагія браты і сёстры! Сёння адзначаецца 25-я гадавіна так званага Пагаднення Вялікай пятніцы або Белфасцкага пагаднення, якое паклала канец дзесяцігоддзям гвалту ў Паўночнай Ірландыі. Я з удзячнасцю малюся Богу, каб тое, што было дасягнута гэтым гістарычным пагадненнем, магло быць умацавана на карысць усіх мужчын і жанчын вострава Ірландыя”, - сказаў Святы Айцец.
Словамі "Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!" Пантыфік зноў павіншаваў усіх з Вялікаднем, а таксама падзякаваў тым, хто ў гэтыя дні даслаў віншаванні яму. “Я асабліва ўдзячны за малітвы. Заступніцтвам Панны Марыі Бог узнагароджвае кожнага сваімі дарамі!” - зазначыў ён, пажадаўшы ўсім “правесці ў радасці веры гэтыя Велікодныя дні, у якія працягваецца святкаванне Уваскрасення Хрыста.
“Мы з упартасцю просім аб дары міру для ўсяго свету, асабліва для дарагой і змучанай Украіны”, - сказаў напрыканцы свайго звароту Францішак.