Пошук

Венгрыя чакае Францішка. Ілюстрацыйнае фота Венгрыя чакае Францішка. Ілюстрацыйнае фота 

Паралін: Папа наведае Венгрыю як пілігрым міру, гасціннасці і сустрэчы

Трохдзённы візіт Святога Айца ў Будапешт падкрэсліць яго адданасць стварэнню братэрскага грамадства ў параненай вайной Еўропе, якая перажывае, па словах Дзяржаўнага сакратара, "найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны крызіс бежанцаў".

Марыя Валодзіна - Vatican News

Напярэдадні 41-га апостальскага падарожжа Францішка ў Венгрыю, якое распачнецца 28 красавіка 2023 года, кардынал Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін даў інтэрв'ю адказнаму рэдактару Vatican News Масіміліяна Мэнікэці.

На пытанне аб тым, як з’явілася ідэя візіту ў Венгрыю, краіну трывалай веры, якая пацярпела ад камуністычнай дыктатуры, іерарх адказаў, што падарожжа з'яўляецца выкананнем абяцання, якое Папа даў венграм у верасні 2021 года, наведваючы Будапешт з нагоды Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Тады, акрамя ўрачыстай Імшы, адбылося некалькі сустрэч Пантыфіка з біскупамі, хрысціянамі розных канфесій і прадстаўнікамі яўрэйскіх супольнасцей, а таксама, на прыватным узроўні, з уладамі. На гэты раз Святы Айцец мае намер працягнуць і завяршыць свой папярэдні візіт у Будапешт, таму падарожжа будзе прысвечана ў асноўным сустрэчам з рознымі групамі і прадстаўнікамі венгерскага народа. Запланаваныя публічныя сустрэчы з уладамі, духавенствам, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, душпастырамі, з уразлівымі і маргіналізаванымі, перш за ўсё, з украінскімі ўцекачамі, з моладдзю - напярэдадні Сусветных дзён моладзі, якія адбудуцца ў жніўні 2023 года ў Лісабоне, а таксама з дзеячамі культуры.

Святы Айцец наведае толькі сталіцу Венгрыі. Па словах кардынала Параліна, гэты выбар быў зроблены галоўным чынам таму, што дазваляе пазбягнуць паездак і засяродзіць як мага больш сустрэч у Будапешце, які, між іншым, адзначае ў гэтым годзе важную гадавіну – 150-годдзе свайго заснавання.

Адказваючы на пытанне пра тое, якое значэнне мае прысутнасць Папы ў самым сэрцы параненай вайной Еўропы, у краіне, якая мяжуе з Украінай, Дзяржсакратар сказаў: “Гэты візіт запланаваны даўно і таму не матываваны, галоўным чынам, сённяшняй сітуацыяй, адзначанай вайной ва Украіне. Але, як мы ведаем, гэтая зацяжная трагедыя вельмі кранае Папу, і я ўпэўнены, што падчас гэтага візіту не будзе прапушчаная ні адна магчымасць для садзейнічання міру”.

Па словах кіраўніка Ватыканскага радыё, Венгрыя прыкладае шмат намаганняў для падтрымкі сям'і, а Папа заўсёды носіць у сваім сэрцы моладзь і сталых людзей. На пытанне пра тое, ці будзе гэтая сустрэча спрыяць будаўніцтву мастоў паміж пакаленнямі і народамі, іерарх сказаў, што, вядома, такі вынік будзе дасягнуты. Ён нагадаў пра заснаваны Францішкам Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, які сёлета будзе адзначацца 23 ліпеня. У кантэксце Венгрыі гэтая тэма таксама вельмі актуальная, улічваючы, што прэзідэнт займала раней пасаду міністра сям'і і надае ёй вялікую ўвагу. “Пачынаючы з сям'і, можна спрабаваць будаваць мірнае грамадства. Таму мы спадзяемся, што на аснове сямейнага моста паміж пакаленнямі можна будзе пабудаваць мірны мост паміж народамі”, - адзначыў Дзяржсакратар.

Венгрыя знаходзіцца ў цэнтры міграцыйных патокаў, якія ідуць праз Балканы, а таксама тых, хто бяжыць ад вайны. У Касцёле святой Лізаветы Венгерскай адбудзецца сустрэча Святога Айца з беднымі і бежанцамі. “Ці будзе візіт Папы спрыяць яшчэ большаму прызнанню і дапамозе тым, хто мае патрэбу?” – запытаўся журналіст, на што кардынал Паралін адказаў: “Мы перажываем найбуйнейшы крызіс бежанцаў у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны: больш за 8 мільёнаў украінскіх уцекачоў перасеклі Еўрапейскі Саюз. У гэтай сітуацыі Венгрыя абавязалася трымаць свае межы адкрытымі для людзей, якія ратуюцца ад вайны ва Украіне. Больш за 4 мільёны чалавек праехалі праз Венгрыю непасрэдна з Украіны альбо з Румыніі. І хоць іх засталося мала – каля 35 тысяч чалавек – мясцовы Каталіцкі касцёл, у асноўным праз Карытас, але таксама і з дапамогай урада, робіць усё магчымае, каб прыняць і дапамагчы бежанцам, якія працягваюць падарожжа ў іншыя еўрапейскія краіны. А таксама не дапусціць, каб жанчыны і дзеці сталі ахвярамі гандлю людзьмі”.

У той жа час Касцёл па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй з нелегальнай міграцыяй на Балканах і складаным становішчам многіх мігрантаў, напрыклад, на мяжы паміж Венгрыяй і Сербіяй, - адзначыў іерарх, дадаючы, што большасць мігрантаў мае патрэбу ў абароне, “да ўсіх трэба ставіцца з павагай, якой яны заслугоўваюць як людзі”. Але гэта праблема тычыцца не толькі Венгрыі, а ўсіх краін у рэгіёне, таму “уся Еўропа павінна знайсці спосаб узяць на сябе адказнасць за тых, хто шукае лепшага жыцця ў яе межах”, - лічыць Дзяржсакратар, дадаючы, што трэба імкнуцца дапамагчы мігрантам “застацца ў сваіх краінах, у міры і бяспецы, каб яны не былі вымушаныя бегчы або шукаць міру, бяспекі і годнай працы за мяжой”.

Венгрыя чакае Францішка. Касцёл і ўрад супрацоўнічаюць, каб даць магчымасць кожнаму прысутнічаць на сустрэчы з Папам. Транспарт будзе бясплатным. На пытанне пра стан веры ў краіне кардынал Паралін адказаў, што “вера венгерскага народа жывая і годная захаплення”. У Венгрыі ўшаноўваюць многіх святых: святога Марціна, святога Стэфана, святую Лізавету, а таксама пакутнікаў і вызнаўцаў веры перыяду атэістычных ганенняў, - нагадаў Дзяржсакратар, прыводзячы ў прыклад сімвалічную постаць кардынала Ёжэфа Міндсенці. Вера венграў, як насенне, “прарасла і заквітнела пасля многіх гадоў рэпрэсій”, - заўважыў іерарх, дадаючы, што гэтую жывую веру неабходна падтрымліваць, улічваючы эпоху, у якую мы жывем. “Новыя выклікі, якія тычацца духавенства, якія тычацца моладзі – гэта выклікі веры, якая пераадолела стадыю пагрозы камунізму і сёння сутыкаецца з іншымі праблемамі”, такімі як матэрыялізм і спажывецтва.

На пытанне аб тым, чаго ён чакае ад візіту, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы адказаў: “Таго, што Папа дасягне мэтаў свайго падарожжа ў Венгрыю і завяршыць свой папярэдні візіт у якасці пастыра, які ўзмацняе ў веры сваіх братоў, а значыць суцяшае, заахвочвае і зноў сцвярджае прыгажосць абвяшчэння Езуса”.

Акрамя таго, візіт стане магчымасцю наведаць народ, асабліва дарагі Пантыфіку з часоў яго знаёмства з венгерскімі манахінямі ў Аргенціне. І, нарэшце, “гэта будзе таксама паездка ў цэнтр Еўропы, дзе працягваюць дзьмуць ледзяныя вятры вайны, у той час як перамяшчэнне вялікай колькасці людзей ставіць на парадак дня неадкладныя гуманітарныя пытанні”, - працытаваў Францішка Дзяржсакратар.

27 красавіка 2023, 15:05