Пошук

Пантыфік: вярнуцца ў Галілею, каб зноў сустрэць Уваскрослага

Кожны з нас ведае месца свайго ўнутранага ўваскрасення. Мы не можам пакінуць яго ў мінулым, Уваскрослы запрашае нас пайсці туды і перажыць Пасху, - сцвердзіў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

8 красавіка 2023 года вечарам Пантыфік узначаліў цэлебрацыю Пасхальнай вігіліі ў святую ноч, якая пачалася ў базыліцы святога Пятра традыцыйнай Літургіяй святла: падчас яе тысячы свечак у руках вернікаў, кансэкраваных асоб і духавенства, запаленых ад пасхала, напоўнілі святлом вялізарны ватыканскі храм. У Імшы бралі ўдзел 40 кардыналаў, 25 біскупаў і больш за 200 святароў. Папа ўдзяліў сакрамэнт хросту і канфірмацыі васьмі дарослым катэхуменам з Італіі, Албаніі, Перу, Нігерыі і ЗША.

У гаміліі Францішак заўважыў, што евангельскія жанчыны, якія прыйшлі да магілы Хрыста ў велікодную раніцу, перажылі Пасху, што азначае пераход: “яны перайшлі ад сумнага шляху да магілы да радаснага бегу да вучняў, каб сказаць ім не толькі тое, што Пан уваскрос, але таксама, што ёсць мэта, якой трэба неадкладна дасягнуць: Галілея”.

Ідучы да магілы, жанчыны думалі, што Хрыстус знаходзіцца ў ёй і ўсё скончана назаўсёды. “Часам таксама і нам здараецца думаць, што радасць сустрэчы з Езусам належыць да мінулага, у той час як у сучаснасці мы ведаем у першую чаргу запячатаныя магілы: нашых расчараванняў, горычы, згубы надзеі”, - сказаў Папа, дадаючы, што калі мы бываем “ахопленыя болем, прыгнечаныя смуткам, зняважаныя грахом, азлобленыя нейкай няўдачай або пераследаваныя нейкім клопатам”, мы адчуваем “горкі смак стомленасці” і бачым, “як радасць згасае ў нашых сэрцах”.

Жанчыны з Евангелля, аднак, не засталіся паралізаваныя перад пустой магілай, але, хутка адышоўшы ад яе, “са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням”, што Хрыстус уваскрос і трэба ісці ў Галілею, дзе ўбачаць Яго.

“Але што значыць ісці ў Галілею? Дзве рэчы: з аднаго боку, выйсці з зачыненага вячэрніка, каб пайсці ў рэгіён, населены язычнікамі (пар. Мц 4, 15), выйсці з укрыцця, каб адкрыцца на місію, перамагчы страх і крочыць у будучыню. З іншага боку, гэта азначае вярнуцца да вытокаў, бо ўсё пачалося ў Галілеі. Там Пан упершыню сустрэў і паклікаў вучняў”, - сказаў Папа.

“Вось што робіць Пасха Пана: яна падштурхоўвае нас ісці наперад, выйсці з пачуцця паразы, адваліць камень ад магілаў, у якіх мы часта замыкаем надзею, з упэўненасцю глядзець у будучыню, бо Хрыстос уваскрос і змяніў кірунак гісторыі; але для гэтага Пасха Пана вяртае нас у мінулае ласкі, прымушае нас вярнуцца ў Галілею, дзе пачалася наша гісторыя любові з Езусам”, - дадаў Святы Айцец, заклікаючы нанова перажыць той “момант, сітуацыю, досвед, калі сустрэлі Пана, адчулі Яго любоў і атрымалі новы і светлы позірк на саміх сябе, на рэчаіснасць, на таямніцу жыцця”.

“Каб мець надзею, трэба сілкаваць памяць”, вярнуцца ў Галілею, гэта значыць “не да абстрактнага, ідэальнага Езуса, але да жывой, канкрэтнай і трапяткой памяці аб першай сустрэчы з Ім”. “Вось заклік: памятайце і ідзіце! Калі вы адновіце сваю першую любоў, здзіўленне і радасць сустрэчы з Богам, вы будзеце ісці наперад. Памятай і ідзі”, - заахвоціў Францішак

“Памятай тваю Галілею і ідзі да тваёй Галілеі”, - заклікаў Папа, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра “месца”, дзе мы асабіста пазналі Езуса, дзе Ён стаў для нас не гістарычнай постаццю, як іншыя, але асобай жыцця: не далёкім Богам, а блізкім, які ведае і любіць нас лепш за іншых.

“Брат, сястра, памятай пра Галілею, пра тваю Галілею: пра тваё пакліканне, пра тое Божае слова, якое ў пэўны дакладны момант прамовіла менавіта да цябе; пра той моцны досвед у Духу, пра самую вялікую радасць прабачэння, спазнаную пасля споведзі, пра той моцны і незабыўны момант малітвы, пра тое святло, якое запалілася ўнутры і змяніла тваё жыццё, пра тую сустрэчу, тую пілігрымку. Кожны з нас ведае сваё месца ўнутранага ўваскрасення – таго першага, асноватворнага, якое змяніла ўсё. Мы не можам пакінуць яго ў мінулым, Уваскрослы запрашае нас пайсці туды і перажыць Пасху. Памятай пра тваю Галілею, успамінай яе, перажыві яе сёння. Вярніся да гэтай першай сустрэчы”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што менавіта ў той момант, калі мы забылі пра першую любоў і першую сустрэчу з Хрыстом, пыл пачаў назапашвацца на нашых сэрцах, мы пачалі адчуваць смутак, як вучні, якім усё здавалася бесперспектыўным, з валуном, які запячатаў надзею.

“Але сёння сіла Пасхі запрашае вас адкаціць валуны расчаравання і недаверу; Пан, які ўмее адсоўваць магільныя камяні граху і страху, хоча асвятліць тваю святую памяць, твой найпрыгажэйшы ўспамін, каб ажывіць тваю першую сустрэчу з Ім”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы ўсіх вярнуцца ва ўласную Галілею, дзе ўпершыню сустрэліся з Хрыстом, і ўваскрэснуць да новага жыцця.
 

08 красавіка 2023, 21:12