Пошук

Пакліканне апосталаў Пакліканне апосталаў 

Папскае пасланне: Касцёл – гэта сімфонія пакліканняў

Папа звярнуўся да вернікаў, асабліва да моладзі, з нагоды 60-га Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях, заснаванага Паўлам VI у 1964 годзе падчас Другога Ватыканскага сабора.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак прапанаваў паразважаць над сёлетняй тэмай Пакліканне: ласка і місія, каб са здзіўленнем зразумець, што пакліканне Пана - гэта ласка, дар і адначасова абавязацельства ісці і несці Евангелле. Мы пакліканы да сведчання веры, якая стварае моцную сувязь паміж жыццём, поўным ласкі, праз Сакрамэнты і касцёльную камунію, і апостальствам у свеце. Хрысціянін, адчувальны да чалавечых драм, дзейнічае на экзістэнцыяльных перыферыях, заўсёды памятаючы, што місія – гэта справа Божая, якая выконваецца не ў адзіночку, а разам з братамі і сёстрамі на чале з пастарамі.

Апостал Павел адкрывае перад намі цудоўны гарызонт: у Хрысце Бог Айцец "выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі” (Эф 1, 4-5). Гэтыя словы дазваляюць нам бачыць жыццё ў поўным сэнсе: Бог задумаў нас па свайму вобразу і падабенству і ўсынаўляе нас: мы былі створаны з любові, дзеля любові і з любоўю, мы створаны для таго, каб любіць, - нагадаў Пантыфік.

“На працягу ўсяго нашага жыцця пакліканне, якое становіцца часткай нашай істоты і нясе таямніцу шчасця, заўсёды па-новаму дасягае нас дзеяннем Святога Духа, асвятляе наш розум, надае сілу волі, напаўняе нас здзіўленнем і прымушае нашы сэрцы гарэць. Часам яно прыходзіць нечакана. Так адбылося са мной 21 верасня 1953 года, калі па дарозе на штогадовае свята студэнта я адчуў жаданне ўвайсці ў касцёл і паспавядацца. Той дзень змяніў маё жыццё і пакінуў у ім адбітак, які захоўваецца і па сёння”, - падзяліўся Святы Айцец, дадаючы, што пакліканне – гэта шлях. Шлях, на якім сустракаюцца з беднасцю, хваробамі і жалобай, шлях малітвы, сведчання Евангелля, чытання, якое адкрывае нам розум, парад братоў і сясцёр, якія суправаджаюць нас. Божая фантазія бясконцая і чакае нашага адказу, - заўважыў Францішак.

Пакліканне – гэта перапляценне паміж Божым выбарам і чалавечай свабодай, дынамічныя і натхняльныя адносіны Бога і чалавечага сэрца. “Дар паклікання падобны на Божае насенне, якое прарастае ў глебе нашага жыцця, адкрывае нас Богу і іншым, каб падзяліліся з імі знойдзеным скарбам”. Любоў - фундамент паклікання. “Бог кліча з любоўю, і мы, удзячныя, адказваем з любоўю”, - гаворыцца ў пасланні Папы.

Няма паклікання без місіі. І няма шчасця і поўнай самарэалізацыі без прапановы іншым новага жыцця, якое мы знайшлі. Божы заклік да любові - гэта той досвед, пра які нельга маўчаць. "Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля", - усклікаў Святы Павел (1 Кар. 9, 16), а ў Першым пасланні святога Яна гаворыцца: “тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі” (пар. 1, 1-4).

Францішак нагадаў пра свой зварот да ўсіх ахрышчаных “спасцігнуць сваё жыццё як місію”, з якім ён звяртаўся пяць гадоў таму ў апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate. Агульная для ўсіх хрысціян місія заключаецца ў радасным сведчанні пра тое, што мы адчуваем у еднасці з Езусам і Яго Касцёлам, а таксама ў справах матэрыяльнай і духоўнай міласэрнасці, у гасцінным і мяккім ладзе жыцця, здольнага да блізкасці, спагады і пяшчоты, у процілегласць культуры адкідаў і абыякавасці. Місія не вынікае з нашых здольнасцяў, намераў або задум, з нашай волі і намаганняў практыкаваць цноты, але з глыбокага досведу адносін з Езусам. Толькі тады мы можам стаць Яго сведкамі, "апосталамі", “пазначанымі агнём гэтай місіі асвятлення, благаслаўлення, ажыўлення, узняцця, аздараўлення, вызвалення” (Evangelii gaudium, 273), - адзначыў Папа, прыводзячы ў прыклад “палаючыя сэрцы” двух вучняў па дарозе ў Эмаус. Пантыфік запрасіў кожнага, хто адчувае сябе пакліканым, “устаць і паспяшацца з палаючым сэрцам”, адзначыўшы, што з радасцю чакае наступных Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.

Францішак нагадаў, што Касцёл - гэта супольнасць пакліканых, супольнасць вучняў і вучаніц Хрыста, місіянераў, якія распаўсюджваць любоў, каб настала Царства Божае. “У Касцёле ўсе мы слугі і служанкі з рознымі пакліканнямі, харызмамі і служэннямі”. Агульнае для ўсіх пакліканне дараваць сябе ў любові разгортваецца і ўвасабляецца ў жыцці свецкіх хрысціян, якія ствараюць сям'і як невялікія хатнія касцёлы і дзейнічаюць у грамадстве з дапамогай Евангелля; у жыцці кансэкраваных асоб, падараваным Богу; у жыцці пасвечаных пастыраў (дыяканаў, прэзбітараў, біскупаў), пастаўленым на службу Слову, малітве і камуніі Святога народа Божага. У гэтым сэнсе Касцёл - гэта сімфонія пакліканняў, аб'яднаных у гармоніі, каб выпраменьваць новае жыццё Валадарства Божага.

“Дарагія браты і сёстры! Пакліканне - гэта дар і задача, крыніца новага жыцця і сапраўднай радасці”, - зазначыў напрыканцы паслання Святы Айцец, пажадаўшы, каб Сусветны дзень умацаваў адчувальнасць да пакліканняў у сем'ях, парафіяльных супольнасцях і супольнасцях кансэкраванага жыцця, касцёльных асацыяцыях і рухах, каб “пашырылася прастора любові, і Бог усё больш і больш валадарыў у гэтым свеце.”

26 красавіка 2023, 12:27