Пошук

Папа падчас святой Імшы ў Пальмовую нядзелю Папа падчас святой Імшы ў Пальмовую нядзелю 

Святы Айцец: пакінутыя і адрынутыя – жывыя іконы Хрыста

У кожным адрынутым чалавеку да нас сёння ўсклікае і просіць аб любові пакінуты Езус, - падкрэсліў Пантыфік падчас святой Імшы ў Пальмовую нядзелю, 2 красавіка 2023 года, цэлебрацыю якой узначаліў у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На крыжы з вуснаў Езуса зыходзяць словы, якія перадаюць наколькі глыбокія пакуты, перажываў Ён: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?”. Дзеяслоў “пакінуць” з’яўляецца ў Бібліі ў моманты крайняга болю. Езус спазнаў яго падчас укрыжавання, перажыўшы найбольш неўласцівую для Яго сітуацыю: аддаленасць ад Бога, - сказаў у гаміліі Францішак, дадаючы, што Хрыстус зрабіў гэта выключна для нас, прагнучы быць з людзьмі да канца, каб ніхто не лічыў сябе самотным і пакінутым.

Папа зазначыў, што на крыжы Езус не паддаўся адчаю, Ён маліўся і аддаў сябе ў рукі Айца. Нават тады Ён працягваў любіць сваіх, што пакінулі Яго, і шчыра прабачыў сваіх катаў. “Тут бездань нашага зла занураецца ў яшчэ большую любоў” Бога, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што гэта бязмежная любоў здольная ператварыць нашы каменныя сэрцы ў сэрцы спагадлівыя і пяшчотныя.

“Пакінуты Хрыстус натхняе нас шукаць і любіць Яго ў адрынутых людзях”, бо ў іх прабывае Ён сам – Збаўца, што зышоў у глыбіні нашага чалавечага стану. Менавіта таму Ён хоча, каб мы клапаціліся пра братоў і сясцёр, якія найбольш падобныя да Яго ў сваім крайнім досведзе болю і самотнасці.

Пантыфік нагадаў, што сёння ёсць цэлыя народы, якія падвяргаюцца эксплуатацыі і пакінуты самі сабе; бедныя, якія жывуць на скрыжаваннях нашых дарог, і якім мы баімся паглядзець у вочы; мігранты, якія не маюць абліччаў, але з’яўляюцца толькі лічбамі; забытыя вязні, людзі, якія лічацца праблемай; а таксама тыя, каго спісваюць ва ўтыль у белых пальчатках: ненароджаныя дзеці, самотныя старыя, усімі забытыя хворыя, пакінутыя інваліды, моладзь, якая адчувае вялікую пустэчу ў душы, бо ніхто па-сапраўднаму не слухае вокліч яе болю.

Францішак падкрэсліў, што для нас, вучняў Адрынутага, ніхто не можа быць пакінуты на волю лёса: будзем памятаць, што адрынутыя – “гэта жывыя іконы Хрыста”, якія нагадваюць пра Яго бязмежную любоў і пакінутасць, што збаўляюць ад адзіноты і спусташэння.

“Давайце папросім сёння аб гэтай ласцы: быць здольнымі любіць пакінутага Езуса і быць здольным любіць Езуса ў кожным пакінутым. Давайце папросім аб ласцы быць здольнымі бачыць і распазнаваць Пана, які працягвае ўсклікаць у іх. Давайце не дазволім, каб Яго голас згубіўся ў аглушальнай цішыні раўнадушша. Бог не пакінуў нас саміх; давайце ж клапаціцца пра тых, хто застаўся ў адзіноце”, - заахвоціў вернікаў Папа.
 

02 красавіка 2023, 11:16