Святы Пасад у ААН: адукацыя – лепшы шлях барацьбы з беднасцю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у сесіі Камісіі ААН па народанасельніцтву і развіццю. Ён адзначыў, што многія палітычныя праграмы ў галіне развіцця па-ранейшаму адлюстроўваюць погляд, згодна з якім чалавечая асоба – гэта альбо перашкода для развіцця, альбо сродак вытворчасці, які трэба выкарыстоўваць у адпаведнасці з прынцыпамі максімальнага прыбытку і эфектыўнасці.
Папскі дыпламат падкрэсліў, што дэмаграфічная палітыка, якая разглядае рост насельніцтва як дэструктыўную сілу, якую неабходна спыніць праз стратэгіі змяншэння нараджальнасці, а таксама любое разгляданне чалавека праз прызму яго карыснасці або прадуктыўнасці, супярэчыць годнасці, уласцівай кожнай чалавечай асобе, і садзейнічае таму, што Святы Айцец называе “культурай адкідаў”.
Павага да жыцця ад зачацця да натуральнай смерці і спрыянне інтэгральнаму чалавечаму развіццю кожнага мужчыны, жанчыны і дзіцяці заўсёды павінны быць у цэнтры палітыкі развіцця, - дадаў арцыбіскуп Кача, падкрэсліўшы, што шлях сапраўднага развіцця ляжыць праз адукацыю, якая з’яўляецца адным з самых эфектыўных сродкаў барацьбы з беднасцю і сацыяльнай ізаляцыяй.
Арцыбіскуп Кача таксама нагадаў, што бацькі адыгрываюць фундаментальную ролю ў гэтай сферы і што гэтая роля не можа быць узурпавана ніякімі інстытутамі. Яны маюць права забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне дзяцей у адпаведнасці са сваімі перакананнямі.
У той жа час некаторыя ідэалогіі разглядаюць бацькоў як перашкоду для асабістай рэалізацыі дзяцей і адмаўляюць бацькам у праве вырашаць пытанні, звязаныя з выхаваннем іх дзяцей. Тым больш непакоіць, калі без згоды бацькоў дзецям навязваюцца адукацыйныя праграмы, якія рэлятывізуюць і баналізуюць сам досвед любові, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат у ААН.