Завяршылася апостальскае падарожжа Францішка ў Венгрыю
Марыя Валодзіна – Vatican News
Па заканчэнні сустрэчы з прадстаўнікамі венгерскай акадэмічнай супольнасці ў Каталіцкім універсітэце імя Пэтэра Пазманя Францішак прыбыў у Міжнародны аэрапорт імя Ферэнца Ліста, дзе прайшла кароткая развітальная цырымонія з удзелам прэзідэнта, прэм'ер-міністра, прадстаўнікоў грамадзянскіх і касцёльных уладаў краіны.
Пакідаючы Венгрыю, Святы Айцец накіраваў прэзідэнту Каталін Новак тэлеграму, у якой выказаў глыбокую ўдзячнасць за цёплую гасціннасць, запэўніваючы яе ў сваіх малітвах і заклікаючы Божае благаслаўленне для венгерскага народа.
Падчас палёту Папа правядзе традыцыйную прэс-канферэнцыю для журналістаў, якія яго суправаджаюць. Плануецца, што папскі самалёт прызямліцца ў Ф’юмічына ў 19 гадзін 55 хвілін па мясцовым часе. Адтуль Францішак паедзе ў Дом святой Марты.
Апостальскае падарожжа Святога Айца ў Венгрыю праходзіла з 28 па 30 красавіка 2023 года пад дэвізам Хрыстус – наша будучыня. Напружаны графік уключаў сустрэчы з палітычнымі ўладамі, прадстаўнікамі Касцёла, дзеячамі навукі і культуры, моладдзю. Акрамя таго, Папа прывітаў і выслухаў найбольш уразлівых членаў грамадства: сляпых і хворых дзяцей, бедных і бежанцаў. Падчас візіту Францішак падкрэсліў неабходнасць братэрства, адкрытасці і інклюзіўнасці.