Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак праводзіць нараду з кіраўніцтвам Рымскай курыі

15 мая 2023 года Папа праводзіць сустрэчу з кіраўнікамі ведамстваў Рымскай курыі. У ёй прымаюць удзел прэфекты дыкастэрый і іншых структур Святога Пасада.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нарада праходзіць у Балонскай зале Апостальскага палаца за зачыненымі дзвярыма. Зала Друку Апостальскай Сталіцы не паведамляе аб тэмах, якія Францішак абмяркоўвае са сваімі бліжэйшымі супрацоўнікамі.

Звычайна падчас такіх сустрэч адбываецца абмеркаванне актуальных праблем Касцёла і пастаноўка асноўных задач, што знаходзяцца ў кампетэнцыі ведамстваў Апостальскай Сталіцы. Як правіла, па выніках не публікуецца ніякіх заяў.

Нагадаем, у сакавіку 2022 года Францішак падпісаў тэкст новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі і яе служэнні Касцёлу і свету. Назва дакумента – Praedicate Evangelium – указвае на місіянерскі характар рэформы.

Усе былыя кангрэгацыі і папскія рады былі перайменаваны ў дыкастэрыі – цяпер іх шаснаццаць. Органы правасуддзя па-ранейшаму прадстаўлены Апостальскай пэнітэнцыярыяй, Найвышэйшым трыбуналам Апостальскай сігнатуры і Трыбуналам Рымскай роты.

Эканамічны блок складаецца з Рады па эканамічных пытаннях, Сакратарыята па эканамічных пытаннях, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, Упраўлення генеральнага аўдытара, Камісіі па справах сакрэтнага характару і Камітэта па інвестыцыях.

Дзяржаўны Сакратарыят у дакуменце акрэсліваецца як Папскі сакратарыят.

Пантыфік рэгулярна, некалькі разоў на год, збірае кіраўніцтва вышэйзгаданых структур на сумесныя пасяджэнні.
 

15 мая 2023, 11:17