Францішак: даследчык мае місіянерскія розум і сэрца
Марыя Валодзіна – Vatican News
Заснаваная ў Чылі арцыбіскупам Альфрэда Сільва Санц'яга, арганізацыя сёлета адзначае сваё 70-годдзе. Яна аб'ядноўвае 115 універсітэтаў, у якіх вучацца 1 500 000 студэнтаў, працуе больш за 110 000 выкладчыкаў і рэалізуецца больш за 5000 акадэмічных праграм розных узроўняў.
У сваёй прамове Папа нагадаў пра сітуацыю ў Лацінскай Амерыцы, дзе беднасць і няроўнасць не скарачаецца, а паглыбляецца. Пандэмія і яе наступствы, абвостраны кантэкст у палітычнай, эканамічнай і ваеннай сферах, а таксама ідэалагічная палярызацыя, падобна, закрываюць дзверы для намаганняў па развіцці і імкнення да свабоды. Цяперашні крызіс з'яўляецца не толькі канстатацыяй знясілення эканамічных сістэм і мадэляў, але і штуршком да “пераадолення прадузятых рашэнняў, якія падсілкоўваюць мадэлі ідэалагічнай, эмацыйнай, палітычнай, гендэрнай палярызацыі і культурнай ізаляцыі", - адзначыў Святы Айцец, заклікаючы не палохацца хаосу, паколькі менавіта ў ім нараджаюцца самыя прыгожыя і творчыя Божыя справы.
Задача каталіцкіх універсітэтаў - дапамагаць фарміраваць розумы католікаў, здольных назіраць не толькі за аб'ектамі ўласных інтарэсаў. Быць католікам, па словах Францішка, азначае “мець панарамны погляд на таямніцу Хрыста і свету, на таямніцу мужчыны і жанчыны”. Сцвярджаючы, што “радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў”, Канстытуцыя Gaudium et spes (1) кажа, якім павінна быць каталіцкае жыццё чалавека. Ён клапоціцца як пра шчаслівы, так і пра балючы бок жыцця, таму што і ў радасці і ў смутку жыве слава Божая, - зазначыў Святы Айцец.
Папа заклікаў прадстаўнікоў Каталіцкіх універсітэтаў Лацінскай Амерыкі працягваць працу ў рамках Глабальнага адукацыйнага пакта, каб унесці вырашальны ўклад у вылячэнне балючых ран рэгіёна і распаліць у ім агонь Божы.
На думку Францішка, даследчык мае місіянерскія розум і сэрца. “Місіянер ведае радасць Евангелля і не можа дачакацца, каб яго спазналі іншыя. Таму ён выходзіць за рамкі сваіх перакананняў і звычак, накіроўваючыся ў невядомыя мясціны. Ён ведае Евангелле, але не ведае, які плён ён прынясе на чужую зямлю. Менавіта канфлікт паміж ведамі і няведаннем штурхае яго наперад і абараняе ад упэўненнасці, што ён усё ведае. Таму місіянер любіць узаемнасць: ён вучыць і вучыцца, перакананы, што кожнаму ёсць чаму вучыцца”, - сказаў Пантыфік, пажадаўшы каталіцкім універсітэтам стаць папулярнымі даследчымі цэнтрамі ў свеце, каб фарміраваць місіянерскія розумы.