Пошук

Сустрэча Паўла VI і копцкага праваслаўнага Патрыярха Шэнуды III у Ватыкане, 10 мая 1973 года Сустрэча Паўла VI і копцкага праваслаўнага Патрыярха Шэнуды III у Ватыкане, 10 мая 1973 года 

Францішак і Тавадрас II пра плён сустрэчы сваіх папярэднікаў

Папа Францішак і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас II напісалі сумесную прадмову да памятнай кнігі, апублікаванай Дыкастэрыяй спрыяння хрысціянскаму адзінству з нагоды пяцідзесяцігоддзя сустрэчы Паўла VI і Шенуды III.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кніга пад назвай Каталіцкі Касцёл і Копцкая Праваслаўная Царква. 50-я гадавіна сустрэчы папы Паўла VI з папам Шэнудам III (1973-2023) выйдзе ў свет 10 мая 2023 года ў выдавецтве LEV. Кніга змяшчае асноўныя дакументы, якія сведчаць аб збліжэнні Касцёла і Копцкай Царквы, пачынаючы з Другога Ватыканскага Сабора.

У прадмове гаворыцца аб тым, што, рухаючыся па шляху да поўнага адзінства, "важна заўсёды глядзець наперад”, не пераставаць пытаць сябе: quanta est nobis via, колькі яшчэ нам ісці?

“Аднак на экуменічным шляху часам неабходна азірацца назад. Паддаўшыся маркоце, мы павінны зноў здабыць надзею, абапіраючыся на натхненне і запал піянераў адзінства, якія папярэднічалі нам. Нам таксама трэба дзякаваць Богу, узгадваючы ўжо зробленыя крокі і пройдзеныя адлегласці, якія часта значна важней, чым мы сабе ўяўляем. Менавіта ў гэтым заключаецца мэта кнігі”, - гаворыцца ў сумеснай прадмове Францішка і Тавадраса II.

Сустрэча іх папярэднікаў стала “важнай вяхой” у адносінах паміж Цэрквамі. Гэта была першая сустрэча паміж Біскупам Рыма і главой Копцкай Праваслаўнай Царквы з часоў Халкідонскага сабора. Яна палажыла канец хрысталагічнай спрэчцы, дзякуючы падпісанню знамянальнай Сумеснай хрысталагічнай дэкларацыі 10 мая 1973 года, - адзначаецца ў прадмове.

Сустрэча Паўла VI з Шэнудам III працягвала прыносіць плён на экуменічным шляху Цэркваў. Была створана Сумесная міжнародная камісія Каталіцкага Касцёла і Копцкай Праваслаўнай Царквы, наватарская праца якой абапіралася на Прынцыпы кіраўніцтва пошукам адзінства паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой, падпісаныя ў 1979 годзе Янам Паўлам II і Шэнудам III. Гэтая камісія, у сваю чаргу, праклала шлях да тэалагічнага дыялогу паміж Касцёлам і ўсёй сям'ёй Усходніх Праваслаўных Цэркваў, які распачаўся ў 2003 годзе. “У выніку гэтага дыялогу былі падрыхтаваны важныя дакументы, якія сведчаць аб росце ўзаемаразумення паміж нашымі Цэрквамі”, - напісалі Францішак і Тавадрас II, дадаючы, што ў памяць аб сустрэчы 1973 года яны абвясцілі 10 мая Днём сяброўства коптаў і католікаў.

“Як бачна, сустрэча нашых праслаўленых папярэднікаў не перастае прыносіць плён. Хай памяць аб гэтай падзеі і аб тых, хто ішоў услед за імі, працягвае натхняць наш экуменічны шлях у адказ на малітву Хрыста аб тым, "каб усе былі адно" (Ян 17:21)! Хай братэрская любоў і сяброўства, якія аб'ядноўваюць нашы Цэрквы, працягваюць мацнець да таго благаслаўлёнага і доўгачаканага дня, калі мы зможам цэлебраваць разам ля аднаго алтара і піць з аднаго келіха, каб свет паверыў"! - гаворыцца ў прадмове Францішка і Тавадраса II.

09 мая 2023, 11:08