Пошук

Помнік мігрантам і бежанцам на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Помнік мігрантам і бежанцам на плошчы святога Пятра ў Ватыкане 

Францішак: міграцыя павінна быць свабодным выбарам чалавека

11 мая 2023 года ў Ватыкане было абнародавана пасланне Францішка на 109-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 24 верасня. Яго сёлетняя тэма: “Свабодныя выбіраць: міграваць або застацца”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Міграцыя заўсёды павінна быць свабодным выбарам чалавека, але ў вельмі многіх выпадках у нашыя дні яна не з’яўляецца такой. “Канфлікты, стыхійныя бедствы, прасцей кажучы, немагчымасць годнага і забяспечанага жыцця на радзіме вымушаюць мільёны людзей з’язджаць”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў да сумесных намаганняў усёй міжнароднай супольнасці, каб забяспечыць справядлівае карыстанне супольным дабром, павагу да фундаментальных правоў і доступ да цэласнага чалавечага развіцця. “Толькі ідучы разам мы зможам ісці далёка і дасягнуць супольнай мэты нашага падарожжа”, - напісаў ён.

Пантыфік перакананы, што кожнаму чалавеку павінна быць гарантавана права не міграваць, гэта значыць жыць у міры і годнасці ў сябе на радзіме, якое пакуль яшчэ не з’яўляецца кадыфікаваным, але мае фундаментальную важнасць.

“Пераслед, войны, атмасферныя з’явы і галеча знаходзяцца сярод найбольш відавочных прычын сучаснай міграцыі”, - заўважыў Папа, заклікаючы ў сувязі з гэтым “спыніць гонку ўзбраенняў, эканамічны каланіялізм, прагнасць чужых рэсурсаў, знішчэнне нашага супольнага дому”.

Францішак звярнуўся ў першую чаргу да кіраўнікоў дзяржаў, адкуль мігруюць людзі, каб іх палітыка была добрай, празрыстай, сумленнай, дальнабачнай і служыла ўсім, асабліва найбольш неабароненым. У той жа час ён заклікаў дапамагчы гэтым краінам, каб не засталіся з разрабаванымі прыроднымі і чалавечымі рэсурсамі, не ўмешвацца ў іх унутраныя справы дзеля задавальнення інтарэсаў вузкіх колаў.

Святы Айцец нагадаў пра небяспеку феномену гандлю людзьмі, звязанага з вымушанай міграцыяй, а таксама падкрэсліў, што ў кожным мігранце трэба бачыць не толькі брата ці сястру, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, але самаго Хрыста, што стукае ў нашы дзверы. Гэта павінна весці да “максімальнай павагі да годнасці кожнага мігранта”.

Папа пажадаў таксама, каб Касцёл быў супольнасцю, гатовай прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць усіх, не пакідаючы вонкі нікога. Ён завяршыў сваё пасланне малітва да Бога, каб дапамог працаваць на карысць справядлівасці, салідарнасці і міру, каб усім Яго дзецям была гарантавана свабода выбіраць: міграваць ці застацца.

11 мая 2023, 12:06