Пошук

Сустрэча Папы з генуэзскай моладдзю Сустрэча Папы з генуэзскай моладдзю  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак моладзі: будзьце сябрамі і не абгаворвайце іншых

Людзі, якія абгаворваюць іншых, губляюць годнасць, бо паліваюць сваіх бліжніх брудам. Сваркі правакуе д’ябал, - нагадаў Святы Айцец падчас сустрэчы з італьянскімі падлеткамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 мая 2023 года на плошчы перад Домам святой Марты ў Ватыкане Папа сустрэўся з амаль тысячу юнакоў і дзяўчат з Генуэзскай архідыяцэзіі, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі. Яны прыбылі ў Вечны горад у рамках пілігрымкі разам са сваім пастырам, арцыбіскупам Марка Таскам. У вандроўцы да апостальскіх парогаў узялі ўдзел падлеткі з 70-ці лігурыйскіх парафій.

Францішак пажадаў сваім гасцям добрага прабывання ў Рыме і заклікаў іх быць дружнымі і не сварыцца паміж сабой. Ён нагадаў, што сваркі правакуе д’ябал і радуецца, калі гэта атрымліваецца ў яго. “Мы павінны быць сябрамі і ніколі не абгаворваць іншых”, - дадаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што людзі, якія абгаворваюць іншых, губляюць годнасць, бо займаюцца тым, што паліваюць брудам іх. “Ці прыгожа гэта – паліваць іншых брудам?”, - запытаў ён і атрымаўшы адмоўны адказ, дадаў, што калі камусьці хочацца сказаць нешта дрэннае пра іншых, яму трэба прыкусіць сабе язык. На развітанне Пантыфік падзякаваў моладзі за візіт, прамовіў разам з імі кароткую малітву і благаславіў іх.
 

20 мая 2023, 11:09