Францішак прыме ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Лісабоне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“З нагоды бліжэйшых Сусветных дзён моладзі і прыняўшы запрашэнне дзяржаўных і касцёльных уладаў Партугаліі, Яго Святасць Папа Францішак наведае Лісабон з 2 па 6 жніўня гэтага года, 5 жніўня ён здзейсніць візіт у санктуарый у Фаціме”, - паведаміў 22 мая 2023 года кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні.
38-я Сусветныя дні моладзі адбудуцца з 1 па 6 жніўня. Іх тэма – словы, узятыя з Евангелля паводле святога Лукі: Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну (1,39). Форум павінен быў прайсці ў 2022 годзе, але планам перашкодзіла пандэмія каронавіруса.
У сустрэчы будуць браць удзел каля 1,5 мільёнаў маладых людзей з усяго свету. Францішак першым зарэгістраваўся для ўдзелу ў ёй яшчэ ў кастрычніку 2022 года, але дагэтуль яго прысутнасць на Сусветных днях моладзі ў Лісабоне не была пацверджанага афіцыйна. Праграма падарожжа Папы ў Партугалію будзе апублікавана ў бліжэйшы час.