Францішак: спыніць бессэнсоўную вайну супраць стварэння
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пакласці канец бессэнсоўнай вайне супраць навакольнага асяроддзя і зрабіць мужныя крокі, каб справядлівасць і мір разліліся па Зямлі, - заклікаў Папа ў пасланні на Сусветны дзень малітваў аб ахове стварэння, які будзе адзначацца 1 верасня 2023 года. У гэты дзень таксама распачнецца экуменічная ініцыятыва Час для стварэння, якая будзе праходзіць да 4 кастрычніка, да літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага, пад дэвізам Няхай разальюцца справядлівасць і мір.
Пантыфік у першую чаргу нагадаў пра адмоўныя з’явы, якія прыводзяць да дэградацыі нашага супольнага дома, падкрэсліваючы, што “драпежнае спажывальніцтва, якое падпітваецца эгаістычнымі сэрцамі, парушае кругаварот вады на планеце”, а “нястрымнае выкарыстанне выкапнёвага паліва і высечка лясоў уплываюць на павышэнне тэмпературы і выклікаюць моцныя засухі”.
Францішак заўважыў, што нягледзячы на “жахлівы дэфіцыт” водных рэсурсаў, прамысловыя прадпрыемствы працягваюць “вычэрпваць і забруджваць крыніцы пітной вады з дапамогай экстрэмальных метадаў, такіх як гідраўлічны разрыў пласта для здабычы нафты і газу, некантраляваныя праекты мегаздабычы і інтэнсіўная жывёлагадоўля.”
Перад абліччам гэтага сцэнару, які цяпер, на жаль, вядомы ўсім, перад абліччам памнажэння знешніх і ўнутраных пустынь, неабходна “з’яднаць высілкі і зрабіць адважныя крокі, каб справядлівасць і мір разліліся па ўсёй Зямлі”, - перакананы Святы Айцец.
Папа адзначыў, што для будавання больш справядлівага свету патрэбны не словы, а канкрэтныя ўчынкі, неабходна, каб “кожны чалавек быў справядлівым у кожнай сітуацыі, ставячы на першае месца адносіны з Богам, бліжнім і прыродай”: неабходна “экалагічнае навяртанне”, якое пачынацца з сэрца чалавека і распаўсюджвацца на ўсе сферы жыцця.
“Мы павінны вырашыцца змяніць нашы сэрцы, наш лад жыцця і дзяржаўную палітыку, якая кіруе нашымі грамадствамі”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён патлумачыў, што “галоўным полем бітвы” ва тут з’яўляецца чалавечае сэрца: “неабходна аднавіць адносіны са стварэннем, не лічыць яго рэсурсам для эксплуатацыі, але ахоўваць як святы дар Стварыцеля”, а таксама практыкаваць павагу да экалогіі, праз чатыры шляхі: павагу да Бога, нашых бліжніх, сучасных і будучых, да ўсёй прыроды і саміх сябе.
Францішак таксама адзначыў фундаментальную патрэбу ў змене ладу жыцця: “неабходна менш адкідаў і непатрэбнага спажывання, асабліва там, дзе вытворчыя працэсы таксічныя і няўстойлівыя”. У той жа час трэба “больш умеркаванасці, якая перажываецца з радасцю, больш умеранага выкарыстання рэсурсаў, утылізацыі і перапрацоўкі адкідаў, выкарыстання экалагічна і сацыяльна адказных прадуктаў і паслуг”. Неабходна пакаянне з “экалагічных грахоў”, ад якіх пакутуе не толькі навакольнае асяроддзе, але таксама нашы браты і сёстры, - дадаў ён.
Гаворачы пра важнасць змен палітычнага характару, Святы Айцец заклікаў сусветных лідараў, якія з 30 лістапада па 12 снежня 2023 года прымуць удзел у канферэнцыі па клімаце COP28 у Дубаі, пачуць голас навукі і распачаць хуткі і справядлівы пераход, каб пакласці канец эры выкапнёвага паліва.
Папа заўважыў, што згодна з абавязацельствамі па стрыманні глабальнага пацяплення, акрэсленымі Парыжскай дамовай па клімаце, “неразумна дазваляць працягваць разведку і пашырэнне інфраструктуры выкапнёвага паліва”. “Давайце ўздымем наш голас, каб спыніць гэту несправядлівасць у адносінах да бедных і нашых дзяцей, якія спазнаюць найгоршыя наступствы кліматычных змен”, - заклікаў Пантыфік.
Францішак звярнуўся да рэлігійных супольнасцей з заклікам дзейнічаць і маліцца разам, каб наш супольны дом зноў стаў багатым жыццём, а пустыня ператварылася ў сад. “Як рака з’яўляецца крыніцай жыцця для навакольнага асяроддзя, так і наш сінадальны Касцёл павінен быць крыніцай жыцця для супольнага дома і ўсіх, хто насяляе яго. І як рака дае жыццё разнастайным відам жывёл і раслін, так і сінадальны Касцёл павінен даваць жыццё, сеючы справядлівасць і мір у кожным месцы, якога дасягае”, - напісаў у сваім пасланні Святы Айцец.