Пантыфік да маладых фермераў: вы – героі цэласнай экалогіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Як і ў многіх іншых галінах жыцця, экалагізм складаецца не з праніклівых дакладаў экспертаў і ні з навін і папулярных праектаў, якія даходзяць да звычайных людзей праз сродкі масавай камунікацыі. Яны могуць быць неабходныя і карысныя, калі робяцца добрасумленна, але не яны займаюць першае месца”, - адзначыў Францішак, называючы аграрыяў галоўнымі дзеючымі асобамі цэласнай экалогіі, якой сёння патрабуе свет.
Гэта “першапачатковае пакліканне”, нагадаў Святы Айцец, караніцца ў словах Бога ў Кнізе Быцця, калі Ён запрасіў чалавецтва да супрацоўніцтва ў справе стварэння (Быц 1, 28-31). Папа назваў гэта “мультыдысцыплінарным пакліканнем”, бо яно спалучае ў сабе непасрэдныя адносіны з зямлёй, яе догляд і апрацоўку, а таксама служэнне грамадству.
“Чаго Бог чакае ад вас у гэтай працы? Ён просіць вас разглядаць сельскую мясцовасць як дар, як тое, што вам дадзена і што вы завяшчаеце сваім дзецям; разглядаць вытворчасць як дар, які Пан праз вас пасылае свайму народу, каб здаволіць яго голад і наталіць смагу. Голад не толькі па хлебе, але і па Богу, Які, каб яго задаволіць, не вагаўся зрабіць сябе ежай, стаць целам, дасягаючы такім чынам сэрца чалавека (Мц 4, 3-4; Ян 6, 55-57)”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Трэба працаваць так, падкрэсліў Францішак, “каб гэта вялізнае дабро, якое дае нам Бог, не ператварылася ў зброю – напрыклад, праз абмежаванне паступлення харчавання да насельніцтва, якое знаходзіцца ў стане канфлікту, ці праз ператварэнне яго ў механізм спекуляцыі, маніпулявання цаной і збыту прадукцыі з адзінай мэтай атрымання большай выгады”.
“Гэта тое, што мы павінны асуджаць, што павінна выклікаць боль у нашых сэрцах; жывёлы, пра якіх вы клапоціцеся з такой адданасцю, не заслугоўваюць гэтага, людзі, для якіх вы з энтузіязмам працуеце, не заслугоўваюць гэтага, Бог не заслугоўвае гэтага. Гэта абражае іх і абражае вас”, - звярнуўся Пантыфік да маладых іспанскіх фермераў.