Пошук

Папа Ян XXIII падпісвае энцыкліку Pacem in Terris Папа Ян XXIII падпісвае энцыкліку Pacem in Terris 

Пантыфік: Pacem in Terris – станоўчы падыход да мірабудаўніцтва

“Мір, як канкрэтная мэта, застаецца ў душы і ў памкненнях усёй чалавечай сям’і”, - адзначыў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі: Мір паміж народамі – 60 гадоў пасля Pacem in Terris.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак назваў энцыкліку свайго папярэдніка Яна XXIII “пазітыўным і канструктыўным пасланнем, якое нагадвае пра тое, што будаванне міру азначае, перш за ўсё, абавязацельства весці палітыку, натхнёную сапраўднымі чалавечымі каштоўнасцямі” – праўдай, справядлівасцю, любоўю і свабодай.

“І ўсё ж праз шэсцьдзесят гадоў чалавецтва, здаецца, так і не ўсвядоміла, наколькі неабходны мір, колькі дабра ён прыносіць. (...) Хоць правілы міжнародных адносін абмежавалі прымяненне сілы і аддалі перавагу пераадоленню адсталасці, (...) імкненне да ўлады, на жаль, усё яшчэ з'яўляецца крытэрыем і элементам дзейнасці ў адносінах паміж дзяржавамі”, - з жалем адзначыў Папа.

Францішак не хавае свайго расчаравання тым фактам, што “рост эканамічных рэсурсаў на ўзбраенне зноў стаў інструментам узаемаадносін паміж дзяржавамі, паказваючы, што мір магчымы і дасягальны толькі пры ўмове балансу валодання імі”. Паводле яго пераканання, “усё гэта спараджае страх і тэрор і рызыкуе падарваць бяспеку”.

Святы Айцец лічыць неабходнай “глыбокую рэформу шматбаковых структур, якія дзяржавы стварылі для кіравання бяспекай і гарантавання міру, але якія цяпер пазбаўлены свабоды і магчымасці дзейнічаць”. Такім арганізацыям недастаткова проста абвяшчаць мір, у іх павінна быць “аўтаномная здольнасць прасоўваць і ажыццяўляць канкрэтныя дзеянні”.

Францішак пажадаў, каб Цыкл даследаванняў у галіне навук аб міры, які ён асабіста заснаваў у Латэранскім універсітэце, пасадзейнічаў выхаванню культуры сустрэчы, якая з'яўляецца асновай чалавечай супольнасці і павінна стаць нормай дзеянняў у мірабудаўніцтве.
 

11 мая 2023, 12:16