Пошук

Аўдыенцыя для членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх Аўдыенцыя для членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх  (Vatican Media)

Папа: бяспека непаўналетніх павінна стаць нормай у Касцёле

Трываласць, гатоўнасць выслухаць ахвяр і павага да іх – прынцыпы, якімі трэба кіравацца, дапамагаючы людзям, што пацярпелі ад злоўжыванняў, заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

5 мая 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Сустрэча стала першай з таго моманту, як яна ўвайшла ў структуру Дыкастэрыі Веравучэння. “Зерні, пасеяныя каля дзесяці гадоў таму, калі Рада кардыналаў прапанавала стварыць гэту ўстанову, узрастаюць, мы гэта бачым. Таму, менавіта, каб з мудрасцю і адвагай адказаць на актуальныя выклікі, важна на хвіліну спыніцца і паразважаць пра мінулае. За апошнія дзесяць гадоў мы навучыліся многаму, уключаючы мяне самаго”, - прызнаўся Папа.

Францішак падкрэсліў, што “сексуальныя злоўжыванні з боку духавенства ў адносінах да непаўлетніх і кепскае вырашэнне гэтай праблемы касцёльнымі лідарамі сталі адным з самых вялікіх выклікаў нашага часу”, а няздольнасць спыніць гэта зло і прыйсці на дапамогу ахвярам моцна сказілі сведчанне Касцёла.

У той жа час Пантыфік нагадаў, што Касцёл адказаў на праблему сексуальных злачынстваў праз увядзенне адмысловых заканадаўчых норм, стварэнне месцаў для прыняцця заяў аб злоўжываннях і клопату пра людзей, якія кажуць, што пацярпелі.

Святы Айцец заклікаў членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх прытрымлівацца ў сваёй дзейнасці трох прынцыпаў, разглядаючы іх як частку духоўнасці аздараўлення.

У першую чаргу Францішак заклікаў памятаць пра творчую моц Бога, які можа ствараць надзею з роспачы і жыццё са смерці. “Калі шлях, якім трэба прайсці, цярністы і цяжкі, я заклікаю вас не спыняцца, надалей працягваць руку, імкнуцца напоўніць даверам тых, каго сустракаеце, і хто падзяляе вашы мэты. Не апускайце рукі, калі здаецца, што няшмат змяняецца ў лепшы бок. Будзьце трывалымі, ідзіце наперад!”, - заахвоціў ён.

Гаворачы пра другі прынцып Папа нагадаў, што наступствы злоўжыванняў часам застаюцца ў людзей і іх блізкіх на ўсё жыццё, але многія хочуць пакончыць не толькі са злом, якое спазналі, але таксама з пытаннямі, якія з таго часу, носяць у сабе. Яны жадаюць, каб іх выслухалі, каб паверылі, каб нехта дапамог ім прыйсці да разумення, каб былі прыняты як браты і вярнулі сабе пачуццё надзеі на будучыню. Трэці прынцып, якога заклікаў прытрымлівацца Святы Айцец, гэта далікатнасць, павага і Божая ласкавасць у вырашэнні праблем.

Пантыфік пажадаў, каб абарона непаўналетніх і ўразлівых людзей стала нормай для ўсіх членаў Касцёла. “Прынцыпы павагі да годнасці ўсіх, добрых паводзін і здаровага ладу жыцця, павінны стаць паўсюднай нормай, незалежна ад культуры і эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі людзей”, - сказаў ён.

Францішак падкрэсліў таксама, што служыцелі Касцёла павінны з павагай і годнасцю адносіцца да ўсіх вернікаў. “Культура абароны будзе мець месца толькі, калі адбудзецца душпастырскае навяртанне ў гэтым сэнсе сярод яго лідараў”, - дадаў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб каталіцкія супольнасці ў бедных і багатых краінах мелі роўныя магчымасці для барацьбы са злоўжываннямі і дапамогі ахвярам. “Гэта несправядліва, што найбольш заможныя рэгіёны планеты могуць разлічваць на добра сфарміраваныя і добра прафінансаваныя праграмы абароны, дзе ахвяры і іх сем’і карыстаюцца павагай, у той час як тыя, хто жыве ў іншых частках свету, пакутуюць у маўчанні, магчыма, адрынутыя або стыгматызаваныя, калі спрабуюць паведаміць пра гвалт, ад якога пацярпелі”, - зазначыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што высілкі, накіраваныя на паляпшэнне прынцыпаў і стандартаў паводзін духавенства і законнікаў, павінны працягвацца. “Я чакаю на атрыманне інфармацыі аб гэтых намаганнях і штогадовай справаздачы пра тое, што функцыянуе добра і што не функцыянуе, каб унесці патрэбныя змены”, - сказаў Францішак.
 

05 мая 2023, 11:31