Папа абмеркаваў з біскупамі актуальныя праблемы Касцёла і свету
Марыя Валодзіна – Vatican News
У другой палове дня 22 мая 2023 года ў ватыканскай зале Сінода распачалася Генеральная Асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі на тэму Слухаючы тое, што Святы Дух гаворыць Касцёлам. Крокі да распазнавання, у якой прымае ўдзел больш за 200 біскупаў з усіх рэгіёнаў Італіі.
Сустрэча з Пантыфікам прайшла за зачыненымі дзвярыма, распачаўшыся сумеснай малітвай. Затым, па традыцыі, Францішак адказаў на пытанні ўдзельнікаў асамблеі. Як паведамілі некаторыя біскупы ў кулуарах сустрэчы, сярод асноўных тэм – змяншэнне пакліканняў і магчымыя аб'яднанні семінарый. Гэтая тэма ўжо закраналася ў мінулым сакавіку на аўдыенцыі з біскупамі Калабрыі. Пантыфік таксама звярнуў увагу на служэнне святароў, да якіх, як заўсёды, прасіў біскупаў праяўляць блізкасць.
Сярод іншых актуальных праблем, пра якія ўзгадаў Папа, былі мір ва Украіне і ва ўсім свеце, сучасныя ідэалогіі, культурныя праблемы і фінансавыя пытанні, якія часта выклікаюць цяжкасці для Касцёла. У цэнтры ўвагі стаялі таксама і экалагічныя праблемы, для вырашэння якіх неабходна змяніць лад мыслення. Некаторыя пытанні тычыліся новага стылю, запатрабаванага Сінадальным шляхам з удзелам Касцёлаў пяці кантынентаў. Папа заклікаў удзельнікаў асамблеі ніколі не выпускаць з-пад увагі праблему беднасці, старой і новай, і з павагай адзначыў дабрачынны аспект дзейнасці італьянскага епіскапату, які цягам гадоў прымае мігрантаў і бежанцаў.
Менавіта тэме міграцыі прысвечана кніга Mалодшы брат (Fratellino), якую ў канцы сустрэчы атрымалі ў падарунак ад Папы італьянскія біскупы. У ёй паэт Аметс Арзалус Антыя распавядае драму маладога мігранта Ібрагіма Балдэ, які пакінуў сваю краіну, Гвінею, каб знайсці малодшага брата. Той, у сваю чаргу, выправіўся ў Еўропу, але не дасягнуў яе. Кніга распавядае аб перасячэнні пустыні, гандлі людзьмі, зняволеннях, катаваннях, марскім падарожжы, смерці.
Францішак неаднаразова ўзгадваў яе падчас некаторых прэс-канферэнцый і аўдыенцый.
На адной такой сустрэчы з мігрантамі, якія прыбылі ў Еўропу па гуманітарных калідорах, арганізаваных супольнасцю святога Эгідзія, Федэрацыяй Евангельскіх Цэркваў, Вальдэнскай Царквой і італьянскім Касцёлам, якая прайшла ў Ватыкане 18 сакавіка, Папа назваў гэту кнігу лібрэта, якое акрэслівае крыжовы шлях многіх братоў і сясцёр у свеце.
Святы Айцец асабліва прывітаў біскупаў раёнаў, пацярпелых ад разбуральнай паводкі ў Эміліі-Раманье, і папрасіў іх запэўніць супольнасці ў яго асабістых малітвах. Біскупы Эміліі-Раманьі выказалі яму падзяку "за пасланне салідарнасці". "Мы нагадалі яму, - адзначылі іерархі, - што жыхары Раманьі стойкія, але выпрабаванні здараюцца занадта часта, і нам патрэбна яго малітва і блізкасць".