Пантыфік да моладзі: збірайцеся ў Лісабон з радасцю і надзеяй
Марыя Валодзіна – Vatican News
“Дарагія юнакі і дзяўчаты! Вы рыхтуецеся да Сусветных дзён моладзі. Засталося тры месяцы. Уяўляю сабе вашы разважанні: як гэта зрабіць, як папрасіць дазволу на працы або вучобе, як знайсці неабходны білет, карацей кажучы, шмат клопатаў, але заўсёды з думкамі пра той гарызонт, тую надзею”, - сказаў у відэазвароце Папа.
Па словах Францішка, удзел у Сусветных днях моладзі – выдатная рэч, якая прыносіць адчуванне радасці. “Падрыхтуйцеся да гэтай радасці, спадзявайцеся на яе, таму што ў такія Дні вы шмат расцяце” - параіў моладзі Пантыфік, дадаючы, што свядома ці несвядома ўнутры застаюцца каштоўнасці, адносіны з маладымі людзьмі з іншых краін, сустрэчы. “Касцёл мае юнацкую сілу. Таму наперад!” - заахвоціў Папа.
Пантыфік раскрыў таямніцу: каб добра падрыхтавацца да СДМ, неабходна памятаць пра карані, сустракацца са старэйшымі. “Шмат у каго з вас ёсць бабулі і дзядулі. Наведайце іх і запытайцеся, ці былі ў іх час Дні моладзі? Яны, пэўна, адкажуць, што не. Як ты лічыш, што мне рабіць? - спытайце бабулю ці дзядулю. Яны падзеляцца з вамі сваёй мудрасцю”, - сказаў Святы Айцец, запрашаючы моладзь заўсёды ісці наперад.
“Я чакаю вас у Лісабоне. Пакуль!” - завяршыў свой відэазварот да дзяўчат і юнакоў Францішак.