Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з удзельнікамі міжнароднага турніру па тэнісу і падэл-тэнісу Папа падчас аўдыенцыі з удзельнікамі міжнароднага турніру па тэнісу і падэл-тэнісу  (Vatican Media)

Папа да спартсменаў: выхоўвайце як разважлівасць, так і рызыку

Сустракаючыся з удзельнікамі Першага міжнароднага сімпозіума па тэнісу і падэл-тэнісу, Святы Айцец адзначыў, што ў спорце неабходна выхоўваць як рызыку, так і разважлівасць.

Марыя Валодзіна - Vatican News

6 мая 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі трэнераў і гульцоў міжнароднага турніру па тэнісу і падэл-тэнісу з больш за 30 краін свету. Спартыўнае мерапрыемства праходзіць у Рыме 6-7 мая на стадыёне Foro italico.

Сваёй прамове Папа падкрэсліў важную сувязь спартыўнай гульні і адукацыі. На яго думку, выхаваўчая сіла тэніса і падэл-тэніса заключаецца менавіта ў гульнявым аспекце. Пантыфік заклікаў дзяцей і моладзь займацца аматарскім спортам з захапленнем, дзеля забавы, а не спаборніцтва. Спорт, у якім пераследуюць эгаістычныя інтарэсы, губляе сваю прыгажосць, сваё сімфанічнае вымярэнне, і ператвараецца ў гандаль, - лічыць Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу гасцей на ўзаемасувязь паміж каштоўнасцямі спорту і адукацыі. На яго думку, трэнер па тэнісу або падэлу - гэта перш за ўсё педагог. Як у спорце добрая гульня залежыць ад правільнай дынамікі абароны і нападу, так і ў адукацыі неабходна дакладна дазаваць рызыку і асцярожнасць, - растлумачыў Францішак.

“Рызыкнуць, - сказаў Святы Айцец, - значыць, напрыклад, дазволіць падлетку атрымаць новы досвед”, дазволіць яму расці. Дзіця павінна адчуваць сябе свабодным, але не самотным. Бацькі або выхавальнікі, якія абараняюць дзіця ад любых цяжкасцяў і нечаканасцяў, вырашаюць яго праблемы, не даюць яму расці. “Гэта не разважлівасць, а сумесь страху перад рэальнасцю і эгаізму ў адносінах да дзіцяці. Гэта нядобра”, - папярэдзіў Пантыфік.

Але рызыка павінна быць прапарцыйнай здольнасцям дзіцяці. Што тычыцца абароны, педагог павінен выхоўваць трываласць, вучыць хлапцоў і дзяўчат не здавацца, рэагаваць на ўдары з гатоўнасцю і спрытам, аднаўляць сілы, - параіў Папа.

Напрыканцы прамовы Францішак заклікаў маладых спартсменаў і трэнераў рухацца наперад, "добра спалучаючы рызыку і разважлівасць, атаку і абарону".

Папа з удзельнікамі Міжнароднага сімпозіума па тэнісу і падэл-тэнісу
Папа з удзельнікамі Міжнароднага сімпозіума па тэнісу і падэл-тэнісу
06 мая 2023, 12:56