Пошук

Сустрэча Папы з венгерскімі езуітамі Сустрэча Папы з венгерскімі езуітамі  (Vatican Media)

Папа езуітам: будзьце сапраўднымі і не бойцеся змяняцца

Пастырства моладзі, адносіны да людзей, якія здзейснілі злоўжыванні, часы дыктатуры ў Аргентыне і актуальнасць Другога Ватыканскага Сабора былі тэмамі гутаркі Папы з езуітамі, якія служаць у Венгрыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

9 мая 2023 года італьянскі езуіцкі часопіс La Civiltà Cattolica апублікаваў падрабязнасці сустрэчы Францішка з членамі Таварыства Езуса, якая адбылася ў рамках яго нядаўняга Апостальскага падарожжа ў Будапешт. У першую чаргу венгерскіх паслядоўнікаў святога Ігнацыя Лаёлы цікавілі думкі Папы пра душпастырства моладзі.

Францішак падкрэсліў, што на першым месцы ў гэтай сферы павінна быць сведчанне, без якога “нічога немагчыма зрабіць”. Сведчанне азначае “паслядоўнасць у жыцці”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што маладыя людзі адразу заўважаюць, калі словы і жыццё святара разыходзяцца. Папа заклікаў пастыраў быць прамымі з юнакамі і дзяўчатамі, што не значыць быць агрэсіўнымі, размаўляць з імі як з дарослымі і ўводзіць іх у духоўнасць. Ключавым словам з’яўляецца “сапраўднасць”, - дадаў ён.

Францішак нагадаў пра неад’емнае значэнне дыялогу паміж пакаленнямі, каб мары пажылых маглі быць рэалізаваны моладдзю, а таксама пра захаванне “стыля Бога”, якім з’яўляецца блізкасць, спагада і ласкавасць.

Адзін з прысутных на сустрэчы езуітаў спытаў Папу пра тое, як належыць адносіцца да людзей, якія здзейснілі сексуальнае насілле. Пантыфік падкрэсліў, што гэта вельмі цяжкае пытанне. Ён нагадаў, што гвалтаўнік заслугоўвае належнага пакарання, але таксама трэба памятаць, што нават ён з’яўляецца Божым дзіцём.

“Гвалтаўнік – гэта вораг. Кожны з нас адчувае гэта, бо мы сустракаемся з пакутамі ахвяр. Калі чуеш, якія наступствы пакідаюць злоўжыванні ў сэрцах людзей, застаецца жудаснае адчуванне. Нават размаўляць пра гвалтаўнікоў выклікае агіду, гэта няпроста. Але таксама і яны Божыя дзеці. І патрэбна душпастырства. Яны заслугоўваюць пакарання, а разам з тым і пастырскага клопату. Як гэта зрабіць? – Гэта няпроста”, - прызнаў Святы Айцец.

Папа пракаментаваў таксама гісторыю, звязаную з перыядам яго служэння ў якасці правінцыяла Таварыства Езуса ў Аргентыне, калі два святары з гэтага ордэну былі арыштаваны і змешчаны ў турму, вядомую катаваннямі і забойствамі праціўнікаў дыктатуры. Хорхэ Бэрголіа абвінавачвалі ў тым, што ён выдаў пастыраў уладам, але на самой справе будучы Папа намагаўся абараніць іх. Пантыфік распавёў, што неаднойчы сустракаўся з адным з гэтых святароў, а сітуацыя, якая была тады ў краіне, ужо даследавана і апісана навукоўцамі. “Я рабіў тое, што адчуваў патрэбным, каб абараніць іх. Гэта была вельмі балючая гісторыя”, - прызнаўся ён.

Адказваючы на пытанне пра актуальнасць рашэнняў Другога Ватыканскага Сабора Святы Айцец падкрэсліў, што яны яшчэ рэалізуюцца, але ёсць супраціў ім. Францішак перакананы, што нельга баяцца перамен, а таксама заўважыў, што сёння існуе “рызыка вяртання назад, рэакцыі на сучаснасць”. Па гэтай прычыне пасля неабходных кансультацый ён пастанавіў, што ўсе маладыя святары павінны атрымліваць дазвол на цэлебраваю літургіі па Рымскім імшале 1962 года. Папа патлумачыў, што прыняў гэта рашэнне, бо пастырскія нормы, уведзеныя Янам Паўлам ІІ і Бэнэдыктам XVI, “выкарыстоўваліся ідэалагізаваным чынам, каб вярнуцца назад”.
 

09 мая 2023, 14:30