Пошук

Папа: нараджальнасць і гасціннасць – паказчыкі шчасця ў грамадстве

Нараджальнасць, як і гасціннасць, якія ніколі не павінны супрацьпастаўляцца, бо з’яўляюцца бакамі аднаго медаля, паказваюць колькі шчасця ёсць у грамадстве, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 мая 2023 года Францішак сустрэўся з удзельнікамі сімпозіўма Генеральных штатаў нараджальнасці (Stati Generali della natalità), які праходзіць у Рыме. У форуме брала ўдзел Прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, прадстаўнікі італьянскіх уладаў і грамадзянскай супольнасці.

Пантыфік заўважыў, што нараджэнне дзяцей – гэта “галоўны паказчык для вымярэння надзеі народу”: “калі іх нараджаецца мала, гэта значыць, што ёсць мала надзеі”. На думку Папы, дэмаграфічны крызіс “мае наступствы не толькі з эканамічнага і сацыяльнага пункту гледжання”, але таксама “пагражае веры ў будычыню”. “Я даведаўся, што ў мінулым годзе Італія дасягнула гістарычнага мінімуму нараджальнасці: каля 393 тысяч нованароджаных. Гэты лічба выклікае вялікую трывогу за заўтрашні дзень”, - сказаў ён.

Францішак заўважыў, што з-за адсутнасці падтрымкі сям’і і нараджальнасці “новыя пакаленні растуць у няўпэўненасці, калі не ў расчараванні і страху перад будучыняй” у адзіноце. Стварэнне сям’і вымагае ад іх “тытанічных высілкаў” і не мае ўсеагульнай падтрымкі, таму “толькі самыя багатыя могуць дазволіць сабе, дзякуючы сваім рэсурсам, большую свабоду ў выбары формы свайго жыцця”. “І гэта несправядліва, акрамя таго, што зняважліва”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што будучыня здаецца моладзі “гарой, на якую немагчыма падняцца”. “Цяжкасці з пошукам стабільнай працы, праблемы з яе захаваннем, празмерна дарагое жыллё, імклівы рост арэнднай платы і малыя заробкі – сапраўдныя праблемы. Гэта праблемы, якія кідаюць выклік палітыцы, бо ўсе бачаць, што свабодны рынак, без неабходных карэкціруючых мер, становіцца дзікім і стварае ўсё больш сур’ёзныя сітуацыі і няроўнасць”, - зазначыў Папа.

Францішак звярнуў увагу таксама на існаванне “не вельмі сяброўскай, калі не варожай” у адносінах да сям’і культуры, якая засяроджана на правах індывіда і ігнаруе правы сям’і. У прыватнасці ён звярнуў увагу на цяжкасці жанчын, вымушаных выбіраць паміж мацярынства і кар’ерай, або прыгнечаных цяжарам клопату пра ўласныя сем’і, асабліва калі ў іх ёсць уразлівыя пажылыя і не аўтаномныя людзі.

Папа прызнаў, што ёсць мільёны сем’яў, якія “сведчаць пра існаванне Божага Провіду”, але “гераізм многіх не можа стаць апраўданнем для ўсіх”. Ён заклікаў да “дальнабачных палітычных рашэнняў” і супольных дзеянняў прадстаўнікоў розных палітычных поглядаў, накіраваных на падтрымку інстытута сям’і і пераадоленне дэмаграфічнай зімы. У першую чаргу, на думку Пантыфіка, “трэба змяніць лад мыслення”, зразумець, што “сям’я – гэта не частка праблемы, але рашэнне”.

Святы Айцец заклікаў не дапусціць, каб маладыя людзі былі вымушаны “апускаць планку жаданняў і задавольвацца прыватнымі і пасрэднымі сурагатамі: зарабляць грошы, ставіць на будаванне кар’еры, вандраваць, раўніва ахоўваць вольны час”. “Усё становіцца добрым і правільным, калі ўключана ў генератыўную задуму, якая дорыць жыццё вакол сябе і пасля сябе”, - патлумачыў ён. У сваю чаргу засяроджанасць на індывідуалістычных памкненнях, “робіць абыякавымі да вялікіх жаданняў і характарызуе наша грамадства як грамадства стомленасці”.

Шчаслівае грамадства, на думку Папы, адкрытае на жыццё і прыняцце іншых. “Нараджальнасць, як і гасціннасць, якія ніколі не павінны супрацьпастаўляцца, бо з’яўляюцца бакамі аднаго медаля, паказваюць колькі шчасця ёсць у грамадстве. Шчаслівая супольнасць натуральным чынам развівае жаданне нараджаць і інтэграваць, у той час як нешчаслівае грамадства зводзіцца да сумы індывідаў, якія ўсімі сродкамі спрабуюць абараніць тое, што маюць”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец адзначыў, што надзея на будучыню вымагае канкрэтных учынкаў. “Умацаванне надзеі – гэта сацыяльнае, інтэлектуальнае, мастацкае, палітычнае дзеяння, у самым высокім сэнсе гэтага слова; гэта прыкладанне ўласных здольнасцей і рэсурсаў на службу агульнаму дабру, гэта сеянне будучыні. Надзея нараджае перамены і робіць лепшай будучыню”, - сцвердзіў ён.

Пантыфік выказаў радасць з той прычыны, што разважаць пра пераход ад дэмаграфічнай зімы да дэмаграфічнай вясны сабраліся разам прадстаўнікі свету палітыкі, бізнесу, банкаўскага сектару, спорту, культуры і журналістыкі. Ён заклікаў не паддавацца адчаю перад абліччам актуальнай сітуацыі, і нагадаў, што Бог адкрывае новыя шляхі нават у самай засохлай пустыні. “Давайце будзем разам шукаць гэтыя шляхі”, - заахвоціў удзельнікаў форума аб нараджальнасці Францішак.
 

12 мая 2023, 10:09