Пошук

Папа пажадаў швейцарскім гвардзейцам добра выкарыстоўваць час

Папская швейцарская гвардыя – гэта вялікая сям'я, жывая і братэрская супольнасць, як падчас службы, так і ў вольны ад службы час, - адзначыў Папа, сустракаючыся 6 мая 2023 года з афіцэрамі, салдатамі і іх сваякамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак запрасіў сваіх гасцей да абмену жыццёвым досведам: маладыя швейцарцы могуць “узбагачацца вопытам старэйшых”, якія, у сваю чаргу, маюць магчымасць вучыцца энтузіязму маладых людзей. “Вам, навабранцам, я кажу: не губляйце мужнасці і жадання адкрываць для сябе новае!” - звярнуўся Пантыфік.

Місія гвардзейцаў у Ватыкане, лічыць Папа, – гэта шлях, які Бог адкрыў перад імі: магчымасць рэалізацыі свайго хросту і радаснага сведчання аб веры ў Хрыста. “Вы закліканы сведчыць аб гэтай веры на месцах сваёй службы. У асобах тых, з кім вы сутыкаецеся кожны дзень, няхай гэта будуць супрацоўнікі Рымскай курыі ці пілігрымы і турысты, вы бачыце так шмат магчымасцей прызнаць і падзяліцца любоўю Бога да кожнага з іх”, - сказаў Святы Айцец.

Ён заклікаў вайскоўцаў правільна выкарыстоўваць дадзены ім ў распараджэнне час, “каб навучыцца распазнаваць натхняльную і радасную прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў жыцці, чытаючы Святое Пісанне, разважаючы над духоўнымі тэкстамі – нават падчас спакойнай каравульнай службы, – удзельнічаючы ў нядзельнай Эўхарыстыі і прыступаючы да сакрамэнтаў”.

«Няхай прыгажосць і гісторыя розных будынкаў і твораў мастацтва ў гэтым асаблівым месцы дапамогуць вам пастаянна абнаўляць сваё захапленне прыгажосцю Бога і Яго таямніцай”, - пажадаў швейцарскім гвардзейцам Францішак.
 

06 мая 2023, 11:51