Папа выказаў словы падтрымкі ахвярам стыхійнага бедства ў Італіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа выпрошвае ў Бога “суцяшэнне для параненых і для тых, хто пакутуе ад наступстваў цяжкага бедства”. Ён дзякуе “ўсім, хто ў гэтыя цяжкія гадзіны працуе над тым, каб прынесці дапамогу і палегчыць пакуты, а таксама дыяцэзіяльнай супольнасці за праяўленне еднасці і братэрскай блізкасці да найбольш пацярпелага насельніцтва”. Пантыфік пасылае ўсім сваё апостальскае благаслаўленне ў знак асаблівай духоўнай блізкасці.
У італьянскім рэгіёне Эмілія-Раманья больш за 20 рэк выйшлі з берагоў, дзясяткі гарадоў і паселішчаў пайшлі пад ваду, пяць тысяч чалавек засталіся без прытулку, а дзевяць прызнаны загінулымі.
Катастрофу выклікалі анамальныя дажджы. За апошнія 48 гадзін у рэгіёне выпалі рэкордныя 300 міліметраў ападкаў. А за апошнія два тыдні зафіксавана сямімесячная норма. Паведамляецца аб шматлікіх сходах селяў і апоўзняў. У эпіцэнтры паводкі апынуліся больш за 30 гарадоў.
Папярэдняя шкода ад стыхіі ацэньваецца ў некалькі мільярдаў еўра.