Рукі прэч ад Афрыкі! – кніга пра афрыканскае падарожжа Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прадмову напісала сусветна вядомая нігерыйская пісьменніца Чымаманда Нгозі Адычы. Выданне Рукі прэч ад Афрыкі! было выпушчана Libreria Editrice Vaticana.
У кнізе спалучаюцца прарочыя словы Святога Айца з галасамі кангалезскіх і паўднёвасуданскіх жанчын і мужчын, якія з вялікай адвагай і пакорай раскрываюць свой шлях пакуты і веры, даючы сведчанне рэдкай здольнасці чалавека прабачаць.
Яна ўзнаўляе розныя этапы пілігрымкі Францішка па афрыканскай зямлі, падкрэсліваючы яго блізкасць да дзвюх нацый, параненых вайной, збяднелых з прычыны драпежніцтва замежных дзяржаў, аслабленых разбэшчанасцю мясцовых палітычных класаў.
Папа наведаў Касцёл, які нават у экстрэмальнай сітуацыі сведчыць аб нястомнай прысутнасці хрысціян побач з беднымі, ахвярамі канфліктаў, згвалтаванымі жанчынамі, маладымі людзьмі, вымушанымі выкарыстоўваць зброю, дзецьмі, пазбаўленымі адукацыі і будучыні.
Цэнтральнае месца ў кнізе займае заклік: “Няхай Афрыка будзе галоўным героем свайго лёсу! (...) Няхай Афрыка, усмешка і надзея свету, стане больш важнай: няхай пра яе больш гавораць, няхай яна мае большае значэнне і прадстаўніцтва сярод народаў!”.