Святы Айцец: апостальства патрабуе гнуткага і адкрытага розуму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтыя словы прагучалі ў Ватыкане 29 мая 2023 года падчас сустрэчы Францішка з прадстаўнікамі манаскай кангрэгацыі Рэгулярных клерыкаў святога Паўла (барнабітаў) і духоўнай сям’і святога Антонія Марыі Дзакарыі.
“Фактычна, калі мы губляем з-пад увагі гарызонт прапаведавання ў нашым жыцці веры, мы ў канчатковым выніку замыкаемся ў сабе і высыхаем у пустках самадастатковасці”, - звярнуў увагу прысутных на аўдыенцыі Папа.
Ён заклікаў кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў ісці наперад у накірунку, які паказвае іх харызма: “Паўсюль несці жывы Дух Хрыста”. “Жывы” Дух Хрыста – гэта той, які пакарае сэрцы, які прымушае не сядзець у крэсле, але выйсці насустрач братам, з лёгкім заплечнікам і позіркам, поўным любові”, - патлумачыў Францішак, жадаючы сваім гасцям “несці гэты Дух паўсюль, нікога не выключаючы і адкрываючы сябе на новыя формы апостальства ў зменлівым свеце, які патрабуе гнуткага і адкрытага розуму, сумесных шляхоў распазнавання, адшукання прыдатных спосабаў абвяшчэння адзінага Евангелля”.
Пантыфік лічыць, што сённяшнім хрысціянам патрэбна “творчая смеласць” – “гаворка ідзе не столькі пра тое, каб выпрацаваць складаныя метады евангелізацыі, колькі, як кажа святы Павел, пра тое, каб стаць “усім для ўсіх” (...), каб не спыняцца перад абліччам цяжкасцей і глядзець па-за гарызонт спакойнага жыцця і звычкі – гэта заўсёды рабілася так.
Ён указаў на важнасць сумеснай працы. “Камунія ў жыцці і ў апостальстве з’яўляецца першым сведчаннем, да якога вы пакліканы, асабліва ў свеце, падзеленым барацьбой і эгаізмам. Гэта запісана ў ДНК хрысціянскага жыцця і апостальства”, - нагадаў Францішак айцам барнабітам і духоўным сынам і дочкам святога Антонія Марыі Дзакарыі.